Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Наша Ніва" бясьсьледна зьнікла па дарозе ў шапікі


Першая старонка газэты "Наша Ніва" з інфармацыяй пра фільм "Хросны бацька"

Першая старонка газэты "Наша Ніва" з інфармацыяй пра фільм "Хросны бацька"

Так і ня трапіў у шапікі сьвежы нумар тыднёвіка "Наша Ніва". Як паведамілі ў рэдакцыі, звычайна газэта паступае ў продаж у сераду, аднак нумар не дайшоў да чытачоў яшчэ і сёньня. Гэта пры тым, што ў сераду газэта выйшла з друкарні звычайным парадкам, і ў "Белсаюздруку" сьцьвярджаюць, што на аптовы склад выданьне таксама паступіла.

У абсалютнай бальшыні сталічных шапікаў "Наша Ніва" да пятніцы не зьявілася. Кіяскёркі толькі разводзяць рукамі, кажучы, што нічога ўцямнага з гэтай нагоды ніхто ім не тлумачыў. Адмаўляюцца ад камэнтароў і ў офісе "Белсаюздруку": маўляў, нумар паступіў і на гэты час склад пусты. Пра наступныя перамяшчэньні газэты ў ведамстве нічога ня ведаюць.

Тым часам рэдакцыі ўдалося сабраць зьвесткі з абласных падразьдзяленьняў "Белсаюздруку", якія істотна розьняцца. Так, у "Мінаблсаюздруку" і "Брэстаблсаюздруку" паведамілі, што на гэтым тыдні "Наша Ніва" да іх не паступала, не было яе і ў накладных. У магілёўскай філіі сказалі, што прыйшлі толькі накладныя, але самой газэты тут не дачакаліся. У Віцебску і Гомелі запэўнілі, што выданьне паступіла ў кіёскі без затрымак, хоць чытачы абласных цэнтраў ды іншых гарадоў набыць яе так і не змаглі.

Шэф-рэдактар "Нашай нівы" Андрэй Дынько схільны меркаваць, што прычынай бясьсьледнага зьнікненьня накладу стаў зьмест нумара, прысьвечаны інфармацыйнай атацы на Лукашэнку з боку расейскіх мэдыяў:
сёньня будзем падаваць скаргу ў пракуратуру ...

"Па стане на сёньня газэта таксама нідзе не паступіла ў продаж — ні ў Менску, ні ў рэгіёнах. У "Белсаюздруку" толькі кажуць, што газэта на аптовы склад паступіла. А пасьля яна некуды зьнікла. Гэта, канечне, рабілася па нейкім загадзе, рабілася арганізавана, бо экспэдыцыя — гэта тэхнічны працэс. Кіроўцы атрымліваюць ня толькі ж "Нашу ніву", адначасова развозяцца дзясяткі відаў прадукцыі. Але не паступіла толькі "Наша Ніва". Таму будзем разьбірацца і сёньня будзем падаваць скаргу ў пракуратуру".

Карэспандэнт: "Вы лічыце, што прычынай зьнікненьня стаў зьмест нумара?"


"З улікам, што такой сытуацыі не было ніводнага разу за два гады пасьля вяртаньня газэты ў продаж, лічым, што зьмест газэты выклікаў нэрвовую рэакцыю. Галоўны загаловак нумара — "Хросны бацька капітуляваў". У матэрыяле апавядалася, што Беларусь падпісала Мытны саюз на нявыгадных для сябе ўмовах пасьля паказу фільму пра Лукашэнку на НТВ".

У лістападзе 2008 году, пасьля трохгадовага перапынку, у выніку "збліжэньня" пазыцый Беларусі і Эўразьвязу некаторыя незалежныя газэты здолелі вярнуцца ў сыстэму дзяржаўнага распаўсюду. Аднак, як кажа Андрэй Дынько, выпадак з "Нашай нівай" яскрава сьведчыць пра ўсю ўмоўнасьць "лібэральнай адлігі" беларускага кіраўніцтва:

"Сытуацыя па-свойму парадаксальная. Прынамсі, такіх мэтадаў раней яшчэ не ўжывалі. Дагэтуль тры гады нас увогуле нельга было распаўсюджваць, а зараз нібыта дазволена, але адзін асобна ўзяты нумар кудысьці зьнік. Як гэта разумець? Для нас у гэтай сытуацыі ёсьць пэўны чорны гумар, бо гэта здарылася акурат у дзень прыезду ў Беларусь эўракамісара ў пытаньнях добрасуседзтва Штэфана Фюле. Гэта пры тым, што "Наша Ніва" і вярнулася ў шапікі фактычна пад ціскам Эўразьвязу. І вось зараз — такое супадзеньне".

Экспэрты прагназуюць, што падставаў для аналізаваньня беларуска-расейскіх адносінаў меней ня будзе. У рэдакцыях расейскіх мэдыяў наўпрост кажуць: крытычная кампанія адносна вышэйшага кіраўніцтва Беларусі толькі пачынаецца. У газэце "Московский комсомолец" распавялі, што з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў плынь “выкрывальніцкіх матэрыялаў” пра Беларусь павялічыцца:

"У нашых артыкулах якраз і выкладзеная такая вэрсія: набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары, і гэта толькі першыя крокі Масквы да таго, каб пачаць канкрэтныя рухі супраць беларускага прэзыдэнта. То бок аб'ектыўна трэба чакаць новых "укіданьняў". Калі мэты сапраўды далёкасяжныя, працяг абавязкова будзе. Магчыма, не ў інфармацыйным полі, у нейкім іншым, але працяг, натуральна, павінен быць. Таму што калі гэта ўсё застанецца проста на ўзроўні двух паказаных фільмаў і некалькіх артыкулаў, то да лютага, калі павінны адбыцца выбары, ніякага эфэкту ад гэтага ўжо ня будзе".

Расейскі публіцыст Уладзімер Мамантаў заявіў, што ў адносінах паміж Масквой і Менскам набралася столькі нэгатыву, што заплюшчваць вочы на супярэчнасьці ўжо не атрымліваецца:
Вы што думаеце, мы заўсёды былі задаволеныя такім двухсэнсоўным (гэта мякка кажучы) стаўленьнем да Расеі? ...

"Ну канечне, усё гэта назапасілася за многія гады. Вы што думаеце, мы заўсёды былі задаволеныя такім двухсэнсоўным (гэта мякка кажучы) стаўленьнем да Расеі? Калі ты, Расея, усё дай, але падтрымліваць цябе я ня буду, таму што мяне то адно не задавальняе, то другое. То рэжым у цябе палітычны ня той, то алігархаў у цябе дужа шмат, то пра народ ты няправільна клапоцісься. А вось я такі ўвесь правільны, запусьціце мяне Расеяй пакіраваць. Маўляў, я нашмат лепей пакірую, чым вы самі ёй кіруеце. Чаму не? Ну, а калі вы супраць, то тады прабачце: дзіўны саюз, не на нашу карысьць. Дык, спадарства, ён і так, гэты саюз, дзіўны атрымліваецца!"

Як пацьверджаньне гэтым словам —чарговы артыкул на беларускую тэматыку пад назвай "Ад любові да нянавісьці", які сёньня апублікавалі "Известия".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG