Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Напярэдадні адкрыцьця "Славянскага базару" затрымалі Сяргея Каваленку


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Віцебскага актывіста, умоўна асуджанага за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы, вінавацяць у парушэньні рэжыму.

Маці Сяргея Каваленкі, спадарыня Лідзія, распавяла, што міліцыянты затрымалі сына ўчора ўвечары нібыта за спазьненьне дахаты. Паводле ўмоваў рэжыму асуджаны мусіць пасьля 21-й гадзіны знаходзіцца дома. Незадоўга да гэтага часу каля пад’езда, дзе жыве актывіст, сабраліся некалькі міліцыянтаў і загарадзілі дзьверы, не ўпусьціўшы яго дадому.

Лідзія Каваленка, якая размаўляла з суседзямі, даведалася, што супрацоўнікі міліцыі ўжо загадзя склалі пратаколы пра парушэньне рэжыму. І запісалі суседзяў у сьведкі.

Маці занепакоеная, што гэты пратакол можа стаць падставай для ўжо другога папярэджаньня Сяргею. І наступствы могуць быць сур’ёзныя: "умоўнае" пакараньне — тры гады абмежаваньня волі безь зьмяшчэньня ў карную ўстанову — можа быць заменена на "хімію" або турэмнае зьняволеньне.

Сёньня ж мае адбыцца суд над малодшым братам актывіста, Віталём Каваленкам. Напярэдадні яго затрымалі ў горадзе нібыта за лаянку матам. Віталь катэгарычна нязгодны з абвінавачаньнем. Ён пэўны, што яго, як і брата, хочуць "ізаляваць" на час правядзеньня "Славянскага базару". Або, прынамсі, на час сёньняшняга адкрыцьця, у якім мае ўзяць удзел Аляксандар Лукашэнка. На думку В. Каваленкі і маці братоў-актывістаў, віцебскія міліцыянты хочуць "застрахавацца" ад вывешваньня бел-чырвона-белых сьцягоў — менавіта за ўдзел у такіх акцыях братоў Каваленкаў раней затрымлівалі і каралі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG