Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кляймом гарадзенскага магістрату


У Горадні амаль не засталося надпісаў-сьведкаў былых часоў, савецкая ўлада іх не ашчаджала. Найдаўжэй захаваліся старыя клеймы царскіх або польскіх часоў — на тратуарнай плітцы, на бардзюрах, на каналізацыйных люках.

Аляксандар Місьцюкевіч апантаны жаданьнем захаваць гэтыя рэшткі даўніны. Ён прапанаваў уладам стварыць вулічную экспазыцыю старых плітак і напісаць на сьцяне, што гэта — знакі старой Горадні, зрабіць месца, цікавае для турыстаў.

Яшчэ нядаўна гарадзенцы любілі паказваць сябрам зь іншых гарадоў ці з-за мяжы бардзюрныя пліты на пешаходнай вуліцы Савецкай, на якіх па-польску было напісана — "Магістрат места Гродна". Гэта самае турыстычнае месца, асабліва для палякаў -- цікава было ўбачыць сьведчаньне былых часоў, зрабіць здымкі. Тры гады таму ўлады пачалі грунтоўны рамонт бруку, прывезьлі гранітныя пліты, бардзюры, а старыя выдзіралі моцнымі мэханічнымі абцугамі і складалі ў груд. Маўляў, гэта цяпер — "б/у". Гарадзенцы, якія любілі стары брук, былі шакаваныя. Ім было незразумела — як і чаму архітэктары не палічылі патрэбным пакінуць частку бруку з магістрацкім кляймом?

Аляксандар Місьцюкевіч (тады ён кіраваў абласной арганізацыяй Таварыства беларускай мовы) пайшоў да старшыні гарвыканкаму Аляксандра Антоненкі. Той загадаў прывезьці назад і ўсталяваць некалькі бардзюраў, але яны ўжо былі пашкоджаныя, надпісы амаль не чыталіся. Спадар Місьцюкевіч пайшоў шукаць, але не знайшоў іх.

Цяпер у горадзе новы кіраўнік — Барыс Казялкоў. Аляксандар Місьцюкевіч працягвае сваю справу. Толькі што ён атрымаў ліст ад уладаў. У ім пішуць, што ягоны "зварот аб выкарыстаньні гістарычных плітак пры добраўпарадкаваньні вуліц гораду разгледжаны сумесна з зацікаўленымі службамі" і што гарвыканкам станоўча ставіцца да ягонай прапановы. Спадар Місьцюкевіч пры гэтым зазначае, што ліст атрымаў паўторна. Першы варыянт быў на расейскай мове, але ён пайшоў у выканкам і дамогся, каб прыслалі на беларускай.

Бардзюр з кляймом магістрату вярнулі на месца, але надпіс цяпер амаль не відзён

Аляксандар Місьцюкевіч

Плітка царскіх часоў з надпісам "Ашкеназі. Горадня"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG