Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскі базар”: захады бясьпекі надзвычайныя


АМАП патрулюе горад.

АМАП патрулюе горад.


Перад віцебскім фэстывалем «Славянскі базар», адкрыцьцё якога прызначанае на 9 ліпеня, міліцыя перайшла на надзвычайны рэжым працы. Міліцыянты сочаць за тым, каб не парушаўся правапарадак, а таксама за мясцовымі апазыцыянэрамі.

Міліцыя ў Віцебску працуе ў надзвычайным рэжыме: па цэнтральных вуліцах адзін за адным ходзяць патрульныя нарады, у тым ліку і з супрацоўнікаў менскага АМАПу, выкліканага на дапамогу мясцовым калегам.

Напярэдадні ў горадзе ўсталявалі 50 дадатковых відэакамэр. А колькасьць кантрольна-прапускных пунктаў, абсталяваных мэталашукальнікамі, павялічылася да 28. Летась такіх КПП на падыходах да канцэртных пляцовак было толькі 18.

У надзвычайным рэжыме міліцыянты будуць працаваць да 14-га ліпеня, пакуль ня скончыцца «Славянскі базар».

Адкрыцца ён мае толькі заўтра. Але старэйшы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які распаўсюджвае каля дома № 28 па вуліцы Леніна незалежныя выданьні, ужо сёньня атрымаў ад міліцыянтаў папярэджаньне:
Заўтра, думаю, мяне адсюль прыбяруць. Заўтра ж Лукашэнка прыяжджае!


«Вось яны сёньня міма хадзілі, і ўчора хадзілі, і ўрэшце кажуць: „Паступіла скарга на вас“. Маўляў, нейкі чалавек нешта распаўсюджвае. А ці ён мае права гэта рабіць? Пытаюцца ў мяне, ці маю я дазвол. Мне дазвол не патрэбны, кажу, бо тут стаяць не забаронена і я нічога не парушаю. Кажуць, дакладзем начальству. Запісалі мае дадзеныя, прозьвішча, імя. Заўтра, думаю, мяне адсюль прыбяруць. Заўтра ж Лукашэнка прыяжджае! Як жа ж мне дазволяць тут стаяць — я ж буду як бяльмо на воку!»

Месца, дзе штодня пад бел-чырвона-белым парасонам стаіць Барыс Хамайда, — якраз насупраць канцэртных касаў і самога Летняга амфітэатру, дзе праходзяць канцэрты. Ён кажа, што вялікіх чэргаў па білеты ні разу ня бачыў:

«Вось на Хварастоўскага ўжо няма білетаў, мне людзі казалі. А ўсё астатняе — гэта ж папса. Я ўвогуле лічу, што гэта ўсё — пір падчас чумы. Бо крыза, бо ў нас у шпіталях бракуе элемэнтарнага… Ня час нам тут скакаць і танчыць — няма асабліва чаму радавацца».

Вялікіх чэргаў ля касаў няма.

Сёлета з прэзыдэнцкага фонду на правядзеньне «Славянскага базару» было выдаткавана два з паловай мільярды рублёў. Гэта на паўмільярда болей, чым летась. Арганізатары спадзяюцца, што выдаткі акупяцца і грошы вернуцца ў дзяржаўны бюджэт. Але ўжо цяпер відаць, што канцэрты не карыстаюцца безумоўнай папулярнасьцю. Горш за ўсё купляюць білеты на конкурсныя канцэрты маладых выканаўцаў, зь якіх «Славянскі базар» некалі пачынаўся.

Фэстывальныя канцэрты рэклямуюцца ў Віцебску спрэс па-расейску.

Да заўтрашняга адкрыцьця яшчэ павінны ўдарна папрацаваць віцебскія будаўнікі. У апошнія суткі яны сьпехам выпраўляюць недаробкі. Самы буйны аб’ект, які так і застаўся незавершаным да фэстывалю, — віцебскі вакзал. Будынак ледзьве пасьпелі адрэстаўраваць, але прывакзальная плошча яшчэ не добраўпарадкаваная. Недаробленымі засталіся сходы на пэроны, плястыкавыя навесы над плятформамі — усё тое, чым зьбіраліся зьдзівіць артыстаў і гасьцей фэстывалю.

Працы ў будаўнікоў яшчэ шмат.
Работы каля будынка вакзала — на ўсю ноч.
Але ўсё дарабіць усё адно не пасьпеюць.
XS
SM
MD
LG