Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы: Можа, варта далучыцца да Эўразьвязу, а мо й не


На пытаньне «Свабоды»: «Ці варта Беларусі далучыцца да Эўразьвязу?» адказвалі жыхары Магілёва.


Спадар: «Я б хацеў быць у Эўразьвязе. Там свабода. Сказаць можна ўсё, што думаеш. Знайсьці працу годную. Ну, і ўрэшце — эўрапейская сям’я народаў, хрысьціянская цывілізацыя — гэта больш паважна было б».

Спадарыня: «Павінна далучыцца. Мы пазыцыянуем сваю краіну як эўрапейскую, якая імкнецца да разьвіцьця ў эканамічным, палітычным і сацыяльным пляне. Адасабляцца няма сэнсу. Калі Беларусь атрымае гэты статус, то тады будзе пэўны ўплыў і на мэнталітэт людзей».

Спадар: «Горш ня будзе. Кожная краіна там у залежнасьці ад эканамічнага стану нішу сваю павінна заняць. Раўняцца зь Нямеччынай ці Францыяй немагчыма паводле статусу, але наагул, як любая эўрапейская краіна, павінна быць там».

Малады спадар: «Далучацца ня варта. Эканамічна нам гэта будзе нявыгадна. І палітычна, бо занадта вялікая розьніца ў разьвіцьці. Трэба выпрацаваць свой шлях разьвіцьця. Мы эўрапейцы, аднак аб’ядноўвацца дзеля дасягненьня мэтаў не абавязкова. Можна супрацоўнічаць. Навошта аб’ядноўвацца?»

Спадар: «Канечне. Там свабода. Свабода эканамічная. Гэта прэстыж. Выхад у Эўропу больш цывілізаваны».

Юнак: «Я супраць. Мне не падабаецца такая ідэя. Лепш саюз з Расеяй, Украінай. Мы не эўрапейцы. Мы свая нацыя. Мэнталітэт у нас зусім іншы».

Спадарыня: «Думаю, што варта. У мяне ёсьць сваякі там. Туды патрапіць, у тую Балтыю, я не магу. Усё дорага. І ня можам са сваякамі пабачыцца. Нават вось дзеля гэтага хаця б варта».

Спадар: «Пытаньне неадназначнае. Ёсьць пытаньні эканамічнага пляну, якія відавочна пойдуць на карысьць краіны, але ж ёсьць рэчы, якія пазбаўляюць нас магчымасьці ўласнага выбудоўваньня ладу ў краіне. Пэўны шлях, які будзе выпрацоўваць сама Беларусь унутры, будзе знаходзіцца пад пэўным ціскам».

Спадар: «Напэўна, так. Там жыцьцё добрае. І заробкі годныя ў людзей».

Спадар: «Мы яшчэ далёкія ад гэтага. Тут палітычнае пытаньне. Яны нас ня дужа вітаюць, таму навошта нам сьпяшацца?»

Спадар: «Навошта? Потым быць залежнымі ад іх. Тут цалкам нармальная сытуацыя. Жыцьцё нібыта нармальнае. Наладжваць сувязі, канечне, трэба з Эўропай. Можа, яшчэ ў нас узровень падымецца».
XS
SM
MD
LG