Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтаперагоншчыкі хацелі прыбыткаў. Атрымалі страты



Мытны саюз Беларусі, Расеі і Казахстану парушыў спадзяваньні беларускіх аўтаперагоншчыкаў на дадатковы бізнэс. Да 1 ліпеня на тэрыторыю Беларусі было ўвезена амаль 60 тысяч аўтамабіляў, на якіх перавозчыкі зьбіраліся зарабіць у сувязі зь пераходам на падвышанае мыта. Але было ўхваленае рашэньне, што цяперашнія стаўкі на імпарт машын фізычнымі асобамі захаваюцца да сярэдзіны 2011 года.

Што беларускія аўтаперагоншчыкі зьбіраюцца рабіць з набытымі машынамі?

У блізкіх да літоўскай мяжы нядаўна Ашмянах прыпынілі будаўніцтва аўтастаянкі, на якой плянавалася прадаваць прыгнаныя легкавікі:

«Прыпынілі, замарозілі. Гэта зрабіла прыватнае прадпрыемства „Белаўталідэр“. Сытуацыя змушае. У Ашмянах шмат фірмаў, якія прадаюць са стаянак увезеныя зь Літвы аўтамабілі. Гэта было зроблена для зручнасьці пакупнікам, каб ня езьдзілі ў Менск на аўтарынак», — паведаміла жыхарка Ашмянаў Галіна Асташонак.

Па словах суразмоўніцы, у іх горадзе цяжка знайсьці працу, і таму многія маладыя ўцягнуліся ў аўтабізнэс — прыганялі на продаж замежныя легкавікі з рынкаў і портаў Прыбалтыкі. Цяпер жа церпяць ня толькі яны, але і тыя, хто дапамагаў абслугоўваць машыны, рыхтаваць іх на продаж. Спадарыня Галіна кажа:

«Там людзі працуюць — і не па 5-10 чалавек, а значна больш. І вось зараз давядзецца ўсё зачыняць. А куды цяпер дзявацца нашым людзям?»

У Мытным камітэце не пераймаюцца праблемамі перагоншчыкаў машын:

«Навошта людзі набывалі па 3-4 аўтамабілі? Яны гэта рабілі, каб зарабіць і нажыцца паводле інфармацыі, што павялічыцца мыта на ўвоз? Ну, значыць, яны проста прагадалі. Груба кажучы — гэта іхныя праблемы».
Ну, значыць, яны проста прагадалі. Груба кажучы — гэта іхныя праблемы.


А што кажуць самі аўтаперавозчыкі? Паслухаем спадара Ігара з райцэнтру Кобрын на Берасьцейшчыне:

«На тэлебачаньні раней ня раз гаварылася вуснамі нейкіх экспэртаў пра тое, што кошты на машыны вырастуць, што нібыта варта набываць аўтамабілі. Але што гэта за экспэрты? Хіба нехта зь іх панясе нейкую адказнасьць?»

Аўтаперавозчык адзначае, што многія бралі крэдыты, прадавалі кватэры. Але тут людзі і самі вінаватыя. Паслухаліся парадаў. Але гэта збольшага аматары. Нават калі б паднялося зараз мыта, зарабіць адразу не было б магчымасьці. Машына — такі тавар, які складана прадаць вельмі хутка. Таму цяпер застаецца толькі чакаць:

«Набытыя машыны ў любым выпадку прададуцца, праз год, праз два, праз тры. Але вось толькі за якія грошы будзе прадавацца аўтамабіль? Людзі, якія назьбіралі машын, дакладна на гэтым ужо не заробяць, адназначна панясуць на гэтым страты. Цяпер у Беларусі на аўтамабільным бізнэсе зарабіць немагчыма».

Іншы аўтаперавозчык зь Берасьця адзначае, што ў сытуацыі, якая склалася, вінаватая дзяржава са сваёй непасьлядоўнай палітыкай:

«Вельмі падобна да нейкай авантуры. Канечне, дзяржава ад гэтага выйграла, але для простых грамадзян гэта сапраўдны ўдар, бо шмат хто страціў з-за гэтага авантурызму».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG