Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз Беларусі, Расеі й Казахстану, які пачаў дзейнічаць ад 6 ліпеня, пакуль асабліва не паўплываў на арганізацыю кантролю на беларуска-расейскай мяжы. Пра гэта сьведчаць беларускія аўтаперавозчыкі, якія вязуць грузы ў Расею праз Навазыбкаўскі мытны пост. Рэпартаж з Навазыбкава.

Сёньня раніцай на Навазыбкаўскім мытным посьце, які аддзяляе Беларусь ад Расеі, сабралася звыш дзясятка аўтаперавозчыкаў. З грузамі яны кіраваліся на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

Апавядае кіроўца з Калінкавічаў:

"Як было, так і засталося, ёлкі зялёныя. Глядзіце — вунь "каляіна" стаіць. Зноў да мытнікаў ідзеш і ўсё афармляеш. Усё тое ж самае!"

Ля мытнага шапіка

Напарнік калінкавіцкага кіроўцы на рэйсу спадар Уладзімер патлумачыў, што "каляіна" — гэта чарга. І чарга гэтая не адчувае дзеяньня новага Мытнага кодэксу, ратыфікацыю якога вымушана падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

"Нічога ня дзейнічае — абсалютна. Усё як было, так і засталося. Усё па вазе, усё мытня правярае, як належыць. Афармленьне такое ж, якое й было — ніякіх зьменаў. Мы вось трубы вязем у Сочы да Алімпіяды, на алімпійскую будоўлю. Зараз крыху "каляіна" зьменшылася, але яна ёсьць — чарга, значыць. Во, жывы прыклад — каля будкі стаіць чарга. Усе на афармленьне, усе — беларусы".

Кіроўцы, што стаяць ля мытнага шапіка й чакаюць праверкі, апавядаюць, што сёлета ў беларуска-расейскіх стасунках рэальна адменена толькі афармленьне дакумэнтаў на часовы ўвоз транспартных сродкаў. Іншых навацый на аўтапераходах кіроўцы не назіраюць. А стаяць у чарзе, калі багата набіраецца грузавога транспарту, даводзіцца ўсім — ня толькі беларусам.

Пра гэта апавядае расейскі кіроўца Віктар з Краснадарскага краю:

"Хоць які кіроўца будзе — паляк, латыш, літовец, хоць беларус ці расеец, няма розьніцы. Адна чарга! Усе стаяць. Я сам і па тры, і па чатыры гадзіны стаяў.

Толькі ж прынялі Мытны кодэкс, але яшчэ не ўкаранілі. Трэба яго яшчэ ўкараніць — гэта яшчэ паўгода зойме, ня меней".

Расейскія мытнікі, якія дзяжурылі сёньня на Навазыбкаўскім посьце, ніякіх камэнтароў з нагоды працы ва ўмовах Мытнага саюзу даваць ня хочуць — раяць ехаць у Бранскую мытню, якой падпарадкоўваюцца:

"Гэта ў самім горадзе Бранску — вуліца Фокіна, 121. Мы працуем пакуль паводле той нарматыўнай базы, якая ў нас ёсьць".


XS
SM
MD
LG