Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня а 17-й гадзіне ў Менск упершыню прылятае камісар Эўразьвязу па пытаньнях пашырэньня Эўразьвязу і эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле. Цягам двух дзён заплянаваныя яго сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, Сяргеем Мартынавым, прадстаўнікамі апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці і мэдыяў. У Менску яго візыт называюць працягам таго дыялёгу з Брусэлем, які пачаўся ў лютым мінулага году, калі Беларусь наведаў тагачасны генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна.

"У Беларусі і Эўрапейскага Зьвязу шмат агульнага — значна болей, чым наяўнасьць нашай агульнай мяжы", — заявіў напярэдадні візыту Штэфан Фюле. — "Нашы культурныя і эканамічныя сувязі разьвіваюцца багата стагодзьдзяў. Сёньня ў нас ёсьць цудоўная магчымасьць замацаваць і пашырыць гэтыя сувязі, пры ўмове, што беларускія ўлады скарыстаюць гэтую магчымасьць на карысьць грамадзянаў Беларусі", — адзначаецца ў прэсавым рэлізе Эўракамісіі.

Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных сёньня падкрэсьліў: падчас перамоваў бакі абмяркуюць "увесь комплекс пытаньняў узаемадзеяньня Беларусі і Эўразьвязу, а таксама ўдзелу нашай краіны ў ініцыятыве Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства":

"Беларускі бок разьлічвае на канструктыўнае і прадметнае абмеркаваньне актуальных пытаньняў парадку дня Беларусь — Эўразьвяз. Сюды ўключаюцца лібэралізацыя візавага рэжыму, пытаньні фармаваньня дамоўна-прававой базы дачыненьняў, разьвіцьцё эканамічнага і крэдытна-інвэстыцыйнага супрацоўніцтва. Візыт у Беларусь прадстаўніка новага кіраўніцтва Эўракамісіі — важны элемэнт палітычнага дыялёгу паміж Менскам і Брусэлем".

Сёньня ў графіку знаходжаньня Штэфана Фюле ў Беларусі — дзьве вечаровыя сустрэчы: спачатку з грамадзянскай супольнасьцю, а затым з палітычнай апазыцыяй. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч запрошаны на размову з Эўракамісарам:

"Я буду казаць пра тое, што сёньня вельмі спрыяльны і важны момант для таго, каб менавіта Эўразьвяз, эўрапейскія палітыкі занялі актыўную пазыцыю па сытуацыі ў Беларусі і актыўна спрыялі таму, каб краіна вярталася на шлях свабоды. Сёньня мы бачым жорсткае сутыкненьне паміж Лукашэнкам і Крамлём. І незалежна ад таго, хто тут стане пераможцам, гэта будзе кепска для Беларусі, для нашых нацыянальных інтарэсаў. І я перакананы, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта будзе кепска і для Эўропы. Але ў сытуацыі, калі Лукашэнка і Крэмль аслабляюць адзін аднаго, а ня дзейнічаюць супольна, зьяўляецца шанец для Эўропы. Яна можа адыграць актыўна сваю ролю дзеля таго, каб дапамагчы дэмакратычным сілам вярнуць Беларусь у агульнаэўрапейскі кантэкст".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG