Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У амбасадзе Кубы ў Беларусі пакуль не камэнтуюць вызваленьне 52 кубінскіх палітзьняволеных.

Пра тое, што кубінскія ўлады зьбіраюцца вызваліць каля 52 палітзьняволеных, паведамілі прадстаўнікі каталіцкай царквы ў Гаване.


Паводле назіральнікаў, рашэньне камуністычнага ўраду Кубы адпусьціць такую вялікую групу вязьняў сумленьня — сур'ёзная саступка ўладаў, перадае BBC.

Яно было прынятае пасьля перамоваў з прадстаўнікамі царквы і гішпанскага ўраду.

Пасьля гібелі аднаго з палітвязьняў у выніку галадоўкі ў лютым, а таксама паведамленьняў пра тое, што яшчэ адзін зьняволены знаходзіцца пры сьмерці, міжнародная супольнасьць чыніла ціск на ўлады Кубы, патрабуючы вызваліць дысыдэнтаў.

Афіцыйная Гавана заўсёды адмаўляла, што ў краіне ёсьць палітвязьні, і называла іх наймітамі, якім ЗША заплацілі, дамагаючыся зьвяржэньня кубінскага ўраду.

Аднак пасьля гібелі ў лютым Арлянда Сапаты Тамаё прэзыдэнт Кубы Рауль Кастра вымушаны быў прыслухацца да рэзкай крытыкі з боку міжнароднай супольнасьці.

Пагадненьне аб вызваленьні палітвязьняў было дасягнутае ў выніку перамоваў паміж Раулем Кастра і кіраўніком каталіцкай царквы на Кубе кардыналам Хайме Артэгам. У перамовах бралі таксама ўдзел міністар замежных спраў Гішпаніі Мігель Маратынас і яго кубінскі калега Бруна Радрыгес.
XS
SM
MD
LG