Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 шпіёнаў за 10. Каго за каго?


Сёньня першыя з кандыдатаў на «абмен шпіёнамі» могуць прыляцець з Расеі ў Вялікабрытанію. Найбольшай загадкай для мэдыяў застаюцца імёны тых, каго можа прапанаваць на абмен Расея.

Расейскія мэдыі пашыраюць сьпіс. Акрамя навукоўца Ігара Суцягіна і былога палкоўніка вайсковай выведкі Сяргея Скрыпала, паводле сёньняшняга «Камэрсанту» разглядаюцца і імёны былога разьведчыка Аляксандра Запарожскага і агента ЦРУ Аляксандра Сыпачова.

Суцягін быў асуджаны ў 2004 годзе на 15 гадоў турмы за шпіянаж на карысьць ЗША, Скрыпал – у 2006 як брытанскі шпіён. Запарожскаму прысудзілі у 2003-м 18 гадоў, у Сыпачову – восем. Хвалю спэкуляцый выклікала паведамленьне пра тое, што ў сьпісе магло б зьявіцца і імя былога нафтавага магната Міхаіла Хадаркоўскага, які быў асуджаны за падаткавыя махінацыі.

Паводле адвакаткі Суцягіна Анны Ставіцкай, працэдура абмену ня мае пэўных правілаў. Але ўмовай ставіцца тое, каб асуджаны прызнаў сваю віну а потым зьвярнуўся да прэзыдэнта Мядзьведзева з просьбай аб памілаваньні. Маці Суцягіна Сьвятлана паведаміла, што ў чацьвер яе сына і іншых удзельнікаў абмену маюць самалётам пераправіць у Вену, а потым у Лёндан.

Паводле газэты “The New York Times”, амэрыканскі ўрад хоча як найхутчэй зьмесьці шпіёнскую афэру са стала да задавальненьня абодвух бакоў, якія не жадаюць пагаршэньня сувязяў. Хаця некаторым з затрыманых у ЗША агентаў магло б пагражаць да 25 гадоў турмы (тым, хто да ўсяго падазраецца ў адмываньні брудных грошай), за прызнаньне сваёй віны суд можа даць ім больш мяккія прысуды. Потым яны б былі выдвараныя з краіны.

Абмен шпіёнамі – даўняя практыка. Згадаем, напрыклад, абмен у 1962 годзе знакамітага расейскага разьведчыка Рудольфа Абэля на амэрыканскага пілёта Фрэнсіса Паўэрса, які быў зьбіты ў выведным самалёце над Сьвярдлоўскам і асуджаны за шпіянаж. Абмен адбываўся на мосьце Глініке ў Патсдаме, дзе тады існаваў КПП паміж Заходняй Нямеччынай і ГДР. Пасьля гэтага першага выпадку шпіёнаў тут мянялі шмат разоў і прэса стала называць Глініке няйначай як “шпіёнскім мостам”. Так, на ім жа ў 1986 годзе памянялі савецкага дысыдэнта Натана Шчаранскага на аднаго з савецкіх разьведчыкаў, арыштаваных у ЗША.



Крыніца: http://periskop.livejournal.com/135996.html
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG