Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сьвятлана Завадзкая: “Адразу прыйшло прадчуваньне, што ніколі яго не пабачу”


Вольга Рыгораўна Завадзкая і Сьвятлана Завадзкая.

Вольга Рыгораўна Завадзкая і Сьвятлана Завадзкая.

У Менску ля пад’езду дому, дзе жыў журналіст Зьміцер Завадзкі, у сераду, у 10-ю гадавіну ягонага зьнікненьня, адбыўся імправізаваны мітынг памяці. Успомніць Зьмітра прыйшлі сваякі, калегі, сябры і суседзі зьніклага журналіста.

Дом нумар 70 на вуліцы Данілы Сердзіча ў Менску. Тыпавы пад’езд, тыпавы мікрараённы дом, у якім вырас Зьміцер Завадзкі… Нетыповым атрымалася жыцьцё ў маладога журналіста, спачатку апэратара БТ, а потым апэратара расейскага каналу ОРТ. Перад зьнікненьнем у Менску ён каля году папрацаваў у Чачні. Жонка Завадзкага Сьвятлана не выключае, што тыя падзеі і спрычыніліся да трагедыі зь Дзімам:

«Схіляюся да таго, што яго скралі, каб даведацца больш пра падзеі, адлюстраваныя ў фільме „Чачэнскі дзёньнік“, прэм’ера якога павінна была адбыцца празь некалькі дзён. Магчыма, беларускія ўлады меркавалі, што Павал Шарамет зь Дзімам нешта там адкапалі ў Чачні, магчыма, пра датычнасьць беларусаў да гандлю зброяй ці нешта іншае. Мне дакладна вядома з пэўных крыніцаў, што яго катавалі, а калі зразумелі, што нічога ўжо зьмяніць будзе немагчыма, забілі».
Мне дакладна вядома з пэўных крыніцаў, што яго катавалі, а калі зразумелі, што нічога ўжо зьмяніць будзе немагчыма, забілі.


Магілы Зьмітра Завадзкага няма, бо цела яго ня знойдзенае. Традыцыйна ў дзень зьнікненьня ля пад’езду зьбіраюцца тыя, хто ведаў Завадзкага: ставяць на лаву ля пад’езду партрэт журналіста, запальваюць сьвечкі, ускладаюць побач кветкі, кажуць жалобныя словы. Рэдактар выданьня «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч сёньня выказаў думку, што самаадданасьць падобных людзей дае надзею на «выздараўленьне беларускага грамадзтва».



Старшыня БАЖ Жана Ліцьвіна распавяла пра новы праект арганізацыі — напісаць хроніку незалежнай журналістыкі за 20 мінулых гадоў. У кнізе будзе расказана і пра Зьмітра Завадкага, але журналістка марыць пра час, калі на старонцы пра Дзіму зьявяцца імёны ня толькі вінаватых у забойстве, але і тых, хто замовіў злачынства:

«Веру, што кніга будзе дапісана і тыя імёны там усё роўна будуць упісаныя. Бо гэта гвалт наагул над грамадзтвам. Гэты пад’езд — месца, па якім у апошні раз прайшоў Дзіма, калі разьвітаўся зь сям’ёй. Пакуль мы сюды прыходзім, я ўпэўненая, кожны з нас будзе помніць, што гэтыя старонкі трэба дапісаць. А сёньня наш нізкі паклон Вользе Рыгораўне, Сьвятлане, сыну Дзімы. Колькі зможам, мы будзем сюды прыходзіць і памятаць».

Маці Дзімы Завадзкага Вольга Рыгораўна — мэдык, яна дагэтуль працуе, хаця ўжо магла пайсьці на пэнсію. Матчына гора, кажа яна, настолькі балючае, што адной з гэтай ранай ня вытрымаць, трэба заўсёды быць побач зь людзьмі. Пасьля сустрэчы з журналістамі Вольга Рыгораўна пачала была зьбірацца на працу, але ёй задалі апошняе пытаньне пра лёс крымінальнай справы аб выкраданьні яе сына. Вольга Завадзкая паведаміла пра фармальны адказ, які прыйшоў з пракуратуры Менску пасьля чарговага запыту сваякоў і праваабаронцаў:

«Чарговая была адпісалаўка. Што сьледчая група зьмянілася, але прозьвішчы не названыя. Што сьледчыя дзеяньні будуць ісьці і далей і калі што, мы вам паведамім. Гэты было год таму, і дагэтуль ніякіх зьвестак няма».
Мы сьледчаму ўсе чуткі, пра ўсё падазронае расказвалі — але нічога, нічога не знайшлі.


Вярхоўны суд Беларусі асудзіў на пажыцьцёвае зьняволеньне за выкраданьне Завадзкага былых міліцыянтаў Ігнатовіча і Маліка, якія адбываюць пакараньне ў Жодзінскай турме. Між тым цела журналіста ня знойдзенае, а ў Беларусі шмат хто лічыць, што да гэтага злачынства былі датычныя супрацоўнікі спэцслужбаў, якія ў справе не фігуравалі. Пра невядомых, якія сачылі за Зьмітром Завадзкім, дагэтуль згадваюць суседзі журналіста. Вось расповед суседкі зь першага паверху Алены Іванаўны пра падзеі 10-гадовай даўніны:

«У чорнай спартовай шапачцы стаяў, такі падазроны. Суседка спытала яго, што тут робіць, сказаў — нічога, ды адвярнуўся, не хацеў, каб яго пабачылі. А як Дзіма выйшаў, ён зьнік. Відаць, дакладна чакалі, калі Дзіма выйдзе. Але нічога… Зьнік хлопец, а такі быў добры, на нашых вачах тут вырас, зь дзяцінства, паводзінамі — усім быў добры. Такі хлопец! Згубілі дзіця. Мы сьледчаму ўсе чуткі, пра ўсё падазронае расказвалі — але нічога, нічога не знайшлі».

У Пракуратуры Беларусі атрымаць камэнтар пра ход пошукаў Зьмітра Завадзкага не ўдалося.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG