Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў расейцаў з чэхамі атрымліваецца, а ў беларусаў — не?


Іржы Карас, архіўнае фота.

Іржы Карас, архіўнае фота.

Новы ўрад Чэхіі будзе працягваць цяперашні курс у дачыненьнях зь Беларусьсю, чэхам цікава, як будзе працаваць Мытны саюз Беларусі, Казахстану і Расеі, а ў высокіх коштах і маленькім выбары чэскага піва ў Менску вінаваты беларускі бок. Пра гэта і іншае сёньня казаў амбасадар Чэхіі ў Беларусі Іржы Карас. Яго прэсавая канфэрэнцыя прысьвячалася дзяржаўнаму сьвяту Чэскай Рэспублікі — Дню сьвятых Кірыла і Мятода.

Зьмена ўраду ў Чэхіі, дзе да ўлады прыйшлі правыя, стала падставай для пытаньня «Свабоды»: ці будзе карэктавацца палітыка Прагі ў дачыненьнях зь Менскам? Амбасадар Карас адказаў:

«Што тычыцца палітычнага стаўленьня Чэскай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь, то я думаю, што мы будзем працягваць рух у абраным кірунку. У нас будзе зноў міністрам замежных спраў спадар Карэл Шварцэнбэрг. Таму, я думаю, многа тут ня зьменіцца. І наша зацікаўленасьць у добрых дачыненьнях зь Беларусьсю працягваецца. У нас ёсьць сваё разуменьне, якім павінна быць разьвіцьцё Беларусі, але ў вашы ўнутраныя справы мы ўмешвацца ня можам і ня будзем».
У нас ёсьць сваё разуменьне, якім павінна быць разьвіцьцё Беларусі, але ў вашы ўнутраныя справы мы ўмешвацца ня можам і ня будзем.


Амбасадар сказаў, што чэска-беларускія дачыненьні будуць абмяркоўвацца падчас візыту ў Прагу міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. Запрашэньне ён ужо атрымаў, і візыт, найверагодней, адбудзецца ўвосень.

Журналістаў цікавілі і эканамічныя дачыненьні Беларусі і Чэхіі, асабліва іх пэрспэктыва пасьля стварэньня Мытнага саюзу «тройкі». На думку амбасадара, што будзе з гэтага насамрэч, пакажа толькі час:

«Ну, гэта мы пабачым. Нам гэта вельмі цікава. І нам, зразумела, вельмі не хацелася б, каб працэс таваразвароту паміж Чэхіяй і Беларусьсю, які добра разьвіваецца, раптам прыпыніўся».

Ніякіх буйных супольных праектаў Чэхіі і Беларусі ў галіне эканомікі дыплямат не назваў.

Кандыдат эканамічных навук Ёсіф Цімкоўскі, які стала жыве ў Менску, нядаўна вярнуўся з расейскага Ўльянаўску. Ён кажа, што там пабудавалі найноўшы завод шклотары, які працуе на чэскім абсталяваньні. У рэгіён закупілі таксама некалькі сучасных фрэзэрных чэскіх цэнтраў. А вось у Беларусі так не атрымліваецца, сьведчыць экспэрт і тлумачыць, чаму:

«Падчас нядаўняга Беларускага прамысловага форуму праводзіўся дзень Чэхіі. І была прадстаўлена салідная экспазыцыя чэскіх фірмаў, якія жадаюць працаваць на беларускім рынку. Але пра канкрэтныя дамовы альбо нават пра пратаколы аб намерах пакуль нічога не чуваць. У Берасьце на эканамічны форум таксама прыяжджала вялікая чэская дэлегацыя. Вынік — той жа самы.

Чаму ў Расеі атрымліваецца, а ў нас — не? У любой краіне былога СССР ёсьць свая спэцыфіка вядзеньня бізнэсу. У Беларусі — гэта заблытанасьць, частыя зьмяненьні законаў і падзаконных актаў. Прычым часам гэтыя дакумэнты супярэчаць адзін аднаму. А гэта вядзе да супрацьлеглага тлумачэньня аднаго і таго ж закону рознымі чыноўнікамі ў рэгіёнах».
XS
SM
MD
LG