Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньня ўступных іспытаў перададзеныя вынікі цэнтралізаванага тэставаньня па ўсіх прадметах. Абітурыенты атрымліваюць сэртыфікаты. Вынікі прааналізаваныя, падлічаныя сярэднія балы.

Па матэматыцы сярэдні бал — 21, ніжэй за 20 балаў тэсты здалі 64,5%. Па фізыцы сярэдні бал — 18, менш за 20 балаў атрымалі 72%, чвэрць — менш за 10 балаў. Сярэднія балы па беларускай і расейскай мовах — 31. 20% выпускнікоў пакінулі аўдыторыі праз 20-30 хвілін пасьля таго, як атрымалі заданьні па матэматыцы і фізыцы.

Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў распавёў, што ёсьць абітурыенты, якія атрымалі нулявыя вынікі.

581 чалавек набралі 0 балаў, 84 чалавекі — 100.
«Усіх 581 чалавек, якія набралі 0 балаў. Расейская мова — 7, беларуская мова — 5, фізыка — 104, матэматыка — 450, біялёгія — 2, ангельская мова, гісторыя Беларусі — 6, грамадазнаўства — 6. Усяго 581 чалавек».

У параўнаньні зь мінулым годам тэсты ў цэлым здаваліся горш. Пэдагог з 40-гадовым стажам Рыгор Сыраватка лічыць: адна з прычын — у тым, што сёлетнія выпускнікі праграму двух апошніх клясаў вымушаны былі прайсьці за год:

«Мне здаецца, што акурат пераход з 12 гадоў навучаньня на 11 не зусім быў прадуманы, і сёньня ён дае вынікі. І так па ўсіх прадметах: па фізыцы, па матэматыцы. І мінулагоднія, і сёлетнія выпускнікі праходзілі год за два».

Сёлета абітурыентаў, якія атрымалі 100-бальныя вынікі — 84 на ўсю краіну. А летась было 206. Сёлета па беларускай мове найвышэйшы бал атрымалі трое, летась — 122. Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў абверг меркаваньні, што, маўляў, у вялікіх гарадах і асабліва ў сталіцы вучаць лепш:

«Стабальнікі — 84 чалавекі, прадстаўленыя па ўсіх рэгіёнах. 35 — у Менску, 7 — у Менскай вобласьці, Берасьцейскай — 12, Віцебскай — 3, Гарадзенскай — 11, Гомельскай і Магілёўскай — па 8, усяго 84. У сельскіх населеных пунктах — 2. Сярэдні бал і ў гарадзкіх, і ў сельскіх ідэнтычны, няма істотнай розьніцы паміж сярэднім балам гарадзкіх і сельскіх выпускнікоў».

Колькасьць ахвотных здаваць тэставаньне на беларускай мове зьмяншаецца.
Самі абітурыенты, пэдагогі сьцьвярджаюць, што тэставыя заданьні былі занадта складаныя. І хаця ўкладальнікі тэстаў настойваюць на тым, што тэсты не выходзяць за межы школьнай праграмы, з-за малой колькасьці гадзінаў на вывучэньне канкрэтных тэм, з-за скасаваньня профільных клясаў, гімназій, дзе асобныя прадметы вывучаліся глыбей, школьнікі дрэнна засвойваюць матэрыял.

Рыгор Сыраватка: «Сапраўды, была неблагая сыстэма профільнага навучаньня, і тым, хто хацеў, гэта адкрывала магчымасьць прадмет ведаць глыбей. Чаму гэта адмянілі, мне зусім незразумела. Мы ад лепшага перайшлі да горшага. Гэта і прывяло да такіх вынікаў».

І яшчэ адна трывожная тэндэнцыя: колькасьць ахвотных здаваць тэставаньне на беларускай мове зьмяншаецца.

«Біялёгія — 6,82%; усясьветная гісторыя — 9,2%; геаграфія — 4,86%; гісторыя Беларусі — 42,92% на беларускай мове; матэматыка — 6,15%; грамадазнаўства — 2,02%; фізыка — 5,55%; хімія — 5,84% на беларускай мове здавалі».

А блянкі адказаў так і застануцца таямніцай: абітурыентам іх не пакажуць, у інтэрнэце разьмясьціць магчыма, але немэтазгодна, сказаў спадар Фяськоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG