Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ігара Суцягіна абмяняюць на расейскіх шпіёнаў?


Ігар Суцягін

Ігар Суцягін

Расейскі навуковец Ігар Суцягін, асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў шпіянажы, будзе абмяняны на пакуль не названых расейскіх грамадзянаў.

Пра гэта сёньня ў Маскве заявілі журналістам сваякі і адвакат Суцягіна.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, які пабываў на прэсавай канфэрэнцыі, брат Суцягіна Дзьмітрый распавёў, што навукоўцу давялося падпісаць пісьмовае прызнаньне сваёй віны і пагадзіцца з высылкай з краіны. Такія былі ўмовы абмену.

Напярэдадні Ігар Суцягін быў дастаўлены з калёніі, дзе ён адбываў пакараньне, у сьледчы ізалятар у Маскве.

Адказны сакратар Грамадзкага камітэту ў абарону вучоных Эрнст Чорны заявіў агенцтву "Інтэрфакс", што навуковец Ігар Суцягін, асуджаны за дзяржаўную здраду ў форме шпіянажу, можа быць высланы ў Вялікабрытанію.

Было прынятае рашэньне выслаць яго ў Ангельшчыну ў абмен на нейкіх людзей, якія больш патрэбныя Расіі, чым Суцягін
"Суцягін пазаўчора вывезены зь лягеру, у якім ён адбываў пакараньне, і дастаўлены ў Маскву, у сьледчы ізалятар" Ляфортава ". Было прынятае рашэньне выслаць яго ў Ангельшчыну ў абмен на нейкіх людзей, якія больш патрэбныя Расіі, чым Суцягін", - сказаў Эрнст Чорны . Больш за тое, праваабаронца канкрэтызаваў час меркаванай высылкі: "Быццам бы Суцягіна высылаюць у Ангельшчыну заўтра. З Суцягіным вяліся перамовы".

Факт пераводу Ігара Суцягіна ў Маскву пацьвердзіў і акадэмік Расейскай акадэміі навук, кіраўнік Грамадзкага камітэта ў абарону вучоных Юрый Рыжоў.

Прадстаўнікі Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў РФ адмаўляюцца камэнтаваць перамяшчэньне зьняволенага Суцягіна, не аспрэчваючы таго факту, што Ігар Суцягін у цяперашні час знаходзіцца ў адным з маскоўскіх СІЗА, куды асуджаны быў напярэдадні пераведзены з калёніі строгага рэжыму ў Архангельскай вобласьці. Пры гэтым вядома, што ніякіх дадатковых сьледчых дзеяньняў, а таксама судовых пасяджэньняў, зьвязаных са справай Суцягіна, у Маскве не заплянавана.

Былы загадчык сэктару вайскова-тэхнічнай і вайскова-эканамічнай палітыкі Інстытуту ЗША і Канады Ігар Суцягін быў асуджаны ў 2004 годзе на 15 гадоў пазбаўленьня волі. Фармулёўка абвінавачаньня можа быць названая ўнікальнай: Суцягін, які ня меў доступу да сакрэтных зьвестак, "сабраў з адкрытых друкаваных выданьняў, а таксама іншых ня выяўленых сьледзтвам крыніц аналітычныя зьвесткі аб Расеі, якія ўяўляюць сабою дзяржаўную тайну". Тым ня менш, суд прысяжных аднагалосна прызнаў яго вінаватым у шпіянажы на карысьць ЗША. На гэты момант Ігар Суцягін пасьпеў адбыць больш за 10 гадоў свайго тэрміну з улікам папярэдняга зьняволеньня (ён быў арыштаваны ў канцы кастрычніка 1999 году).
XS
SM
MD
LG