Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Канадзе адзначылі стагодзьдзе з дня нараджэньня Аляксея Грыцука


Згуртаваньне беларусаў Канады адзначыла 100-годзьдзе з дня нараджэньня аднаго з заснавальнікаў згуртаваньня Аляксея Грыцука.

Вось што паведаміў нашаму Радыё Ю.Трубец з Канады:

“Магістар Варшаўскага ўнівэрсытэту А.Грыцук (3.07.1910 – 30.05.1976) у гады вайны стварыў на Беласточчыне больш за 80 беларускіх школ. У выгнаньні, у Канадзе, адразу пасьля прыезду ён актыўна ўключыўся ў беларускае жыцьцё, многія гады быў старшынём згуртаваньня і радным БНР. Усё жыцьцё любіў паэзію і напісаў дысэртацыю, прысьвечаную М.Багдановічу, якую, аднак, не пасьпеў абараніць. На яго магіле лацінкаю выбіты надпіс: “Змагар за волю Беларусі, хай сьняцца табе родныя гоні”.

Акурат 3 ліпеня, у дзень ягонага нараджэньня, у горад Кінгстан правінцыі Антарыё прыехалі беларусы з Таронта і Атавы.

Паніхіду па слаўным беларусу, які ўсё сваё жыцьцё працаваў дзеля Бацькаўшчыны – як на радзіме, Беласточчыне, так і ў эміграцыі – правёў кіроўчы герарх БАПЦ, япіскап Наваградзкі і Паўночна-Амэрыканскі Сьвятаслаў Логін.

Каля помніка выступілі старшыня Рады БНР, блізкі сябра сям’і Грыцукоў спадарыня Івонка Сурвіла, ганаровы сябра ЗБК, пісьменьніца Вольга Іпатава, а таксама ўдава Аляксея Грыцука, аўтарка кнігі “Мы стваралі сваю Беларусь” Вольга Грыцук.

Старшыня згуртаваньня Валянціна Шаўчэнка і кіраўнічка гуртка “Яваровы людзі” Віялета Кавалёва зачаравалі прысутных цудоўнымі беларускімі песьнямі, якія яны выканалі з натхненьнем і на добрым прафэсійным узроўні ў хаце Грыцукоў”.




Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG