Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Апошнія 16 год беларусы — як на вайне"


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 7 ліпеня 2010 году

Напрыканцы чэрвеня беларускія ўлады вялі зацятую і жорсткую спрэчку са сваім самым блізкім саюзьнікам — маскоўскім Крамлём — наконт таго, хто каму завінаваціўся за газ і за газавы транзыт празь беларускую тэрыторыю. Адгалоскі гэтай спрэчкі чуваць і дагэтуль: у першыя дні ліпеня Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітрый Мядзьведзеў зноў абмяняліся зьедлівымі рэплікамі на адрас адзін аднаго. Узаемныя папрокі і абвінавачаньні — галоўны матыў у сёньняшніх узаемадачыненьнях паміж Масквой і Менскам.

З тэмы гэтага чарговага беларуска-расейскага абвастрэньня і пачну сёньняшнюю размову. Вось да якога роздуму схіліў канфлікт паміж кіроўнымі элітамі так званых "саюзьнікаў" нашага даўняга сябра Кастуся Сырэля з Ушачаў. У сваім новым лісьце на "Свабоду" слухач піша:

"16 год у нашай краіне працягваюцца пэрманэнтныя намэнклятурныя гульні ў "вайнушку". То з цукрам ваюем, то з малаком, то з ураджаем. Вось зноў настала чарга газу...

Калі "вайнушка" — не абысьціся бяз ворага. Ты за каго — за "белых" ці за "чырвоных"? У нас ворагамі каго толькі не прызначалі — і Шушкевіча з Пазьняком, і Аўтуховіча з Казуліным, і Злучаныя Штаты зь Білам Клінтанам ды абаяльнай Карэн Ст'юарт.

Хто сёньня будзе за "белых"? Мядзьведзеў з Пуціным? Цалкам уся Расея? Рыгоравіч адкрытым тэкстам назваў чарговага ворага: "Мы ў сяброў за дзень пазычылі 192 мільёны, а Расея не магла два тыдні пачакаць?" Калі пазычылі ў сяброў, то хто тады Расея?

Ведаеце, шаноўныя, што б там ні казалі псэўдапатрыёты, мне Расея — ня вораг. У мяне там сястра родная жыве, пляменьнікі, іх дзеці. Ні Мядзьведзеў, ні Пуцін мне таксама ня ворагі. Людзі як людзі, са сваімі характарамі, сем’ямі, клопатамі. У іх свая дзяржава на плячах, ды не абы-якая, яны ў першую чаргу пра яе павінны клапаціцца, а не пра амбіцыі суседа-прэзыдэнта.

Мне і Злучаныя Штаты ня вораг — там таксама жывуць мае самыя родныя, самыя блізкія мне людзі, мае дзеці і ўнукі. За апошнія 5 год мне двойчы пашчасьціла наведаць ЗША, менавіта "Залаты штат" — Каліфорнію, а калі яшчэ дакладней — знакамітую Сыліконавую даліну, навакольныя гарады, нацыянальныя паркі, горы Сьера-Нэвада, нават у Ціхім акіяне купаўся. І скажу шчыра — я палюбіў гэтую магутную краіну, яе людзей, а ў Каліфорнію проста закахаўся.

Мне ня вораг, напрыклад, і Польшча. … Вельмі люблю польскую мову — мяккую, мілагучную, крыху размаўляю на ёй. У каханьні прызнавацца лепш за ўсё па-польску: "Кохам це" — зь няздушаным, вольным, як ціхі подых ветрыку, гукам "х". А хто б, вы думалі, па нацыянальнасьці мой лепшы і даўні, яшчэ са школы, сябра? Так, паляк.

Я наагул не хачу ні з кім варагаваць, бо ў Бібліі сказана: "Ва ўсім, як хочаце, каб з вамі абыходзіліся людзі, так абыходзьцеся і вы зь імі" (Мацв., 7:12). З усімі можна дамовіцца па-добраму, бяз кпінаў, без сабачыны, без напамінаў пра мінулыя грахі, тым больш пра сумесныя акопы"
.

"Каб была такая магчымасьць, зьвярнуўся б да прэзыдэнта. Аляксандар Рыгоравіч, вы ні на хвіліну не павінны забывацца, што вы, як ніхто іншы, адказны за ўсё, што адбываецца ў краіне. У дадзеным выпадку — за чарговы газавы скандал. Згодна з 79 артыкулам Канстытуцыі, менавіта вы адказваеце за нацыянальную бясьпеку краіны, за яе эканамічную і палітычную стабільнасьць. Мяне, простага грамадзяніна, па вялікім рахунку не павінна цікавіць, хто вінаваты — расейскі алігарх Мілер, губэрнатар вострава Барнэо ці тубыльцы плянэты Пандора з фільму "Аватар". Я за ўсё плачу спраўна, да капеечкі, дзень у дзень. Мне трэба, каб у кватэры было цёпла, каб з крана цякла гарачая вада, каб вуліца вечарам была асьветлена, каб працавалі тэлевізар, лядоўня і інтэрнэт. Як Вы гэта зробіце, Аляксандр Рыгоравіч — мне, прабачце, глыбока фіялетава. І ня трэба праз блакітны экран падрабязна грузіць мяне вашымі праблемамі, бо ў мяне сваіх хапае. Для нас, простых грамадзян, гэта ўсё стрэсы, а яны — прычына многіх захворваньняў. Калі Вы, шаноўны, ня здольны наладзіць узаемаадносіны зь іншымі краінамі, ня можаце знайсьці сьмешныя грошы, каб разьлічыцца за газ, прасьцей кажучы, не спраўляецеся са сваімі абавязкамі, тады, як сумленны чалавек, вазьміце чысты аркуш паперы ды напішыце заяву аб адстаўцы".

Тактыка прэзыдэнта Лукашэнкі ў гэтым канфлікце, відавочна, была разьлічана зусім не на такую рэакцыю электарату, спадар Кастусь. Нішто і ніхто так не згуртоўвае людзей, як агульны вораг. Ну, а той, хто дзеля інтарэсаў нацыі самааддана, зацята і непахісна змагаецца з ворагам — натуральна, народны ўлюбёнец і герой. Такога ахоплены эйфарыяй і пачуцьцём удзячнасьці народ на руках унясе ў прэзыдэнцкую рэзыдэнцыю і ўсадзіць у галоўнае крэсла. Маленькая пераможная вайна (калі не сапраўдная, дык хоць бы гандлёвая) — што можа быць больш дарэчы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, калі рэйтынг галоўнага кандыдата пагрозьліва хістаецца, а падвышаць жыцьцёвы ўзровень наравістага электарату немагчыма, бо колішні галоўны саюзьнік перастаў даваць нафту і газ па заніжаных коштах.

Наш слухач Кастусь Застарынскі са Слуцку свой ліст на "Свабоду" напісаў пасьля таго, як убачыў па дзяржаўным тэлебачаньні рэпартаж пра сустрэчу прэзыдэнта Лукашэнкі з чарговым расейскім губэрнатарам — гэтым разам Курганскай вобласьці. З нагоды ўбачанага спадар Кастусь піша:

"Зьдзівіла пампэзнасьць, зь якой у Менску сустракалі ня самага высокага расейскага чыноўніка: нібы гэта прыехаў не кіраўнік малавядомай большасьці беларусаў адсталай расейскай правінцыі, а хтосьці з уплывовых крамлёўскіх начальнікаў, правая рука Мядзьведзева. Падобныя рэвэрансы ў бок кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў Аляксандар Рыгоравіч часта рабіў напрыканцы 90-х, калі Расеяй кіраваў Барыс Ельцын, і потым, калі прэзыдэнтам стаў Уладзімір Пуцін.

Зьдзіўляе і абурае, што Лукашэнка падчас такіх візытаў традыцыйна дагаджае расейскаму госьцю прыніжальным сьцьвярджэньнем, што беларусы і расейцы — гэта, маўляў, адзіны народ. Колькі можна далдоніць гэту зьнявагу, грэбуючы нацыянальнай годнасьцю свайго народа? У эпоху Вялікага Княства Літоўскага наш народ быў на больш высокім, чым расейцы, узроўні эканамічнага і культурнага разьвіцьця. Нашы продкі ня раз давалі адпор расейскім заваёўнікам. Можа, ня ведае Аляксандар Рыгоравіч пра бітву пад Воршай у 1514-м годзе, калі 30-тысячнае войска ВКЛ пад кіраўніцтвам князя Кастуся Астроскага разграміла 80-тысячнае маскоўскае войска?

Нас больш як 200 гадоў прыніжалі, вынішчалі нацыянальны дух. Гэта рабіў спачатку царскі рэжым, потым — бальшавіцкі. Забываць аб гэтым не дазволена нікому — якую б пасаду ён ні займаў. Мы, беларусы — свабодны ад ціску Крамля народ і жывём у сваёй незалежнай дзяржаве"
.

Сапраўды, у выступах, разьлічаных на расейскую аўдыторыю, Аляксандар Лукашэнка часта паўтарае гэтую сваю тэзу пра "адзіны народ". І нават нядаўна, якраз падчас газавага крызісу, ці то сьвядома, ці выпадкова назваў Дзьмітрыя Мядзьведзева "прэзыдэнтам адзінага народа" — беларусаў і расейцаў. Лягічнае ў такім выпадку пытаньне: у чым жа тады заключаецца роля прэзыдэнта Беларусі? І ці патрэбна наагул такая пасада, калі самастойнага народа — няма, а прэзыдэнт адзінага народа — ужо ёсьць?

Натуральна, гэтыя самапрыніжальныя экзэрсісы адрасаваныя найперш расейскаму грамадзтву і расейскай палітычнай эліце. Але даходзяць яны туды рэдка: Крэмль за гэтым цяпер пільна сочыць. Так што назіраюць і слухаюць іх галоўным чынам беларусы. І вялікае пытаньне — ці ўхвальна ставіцца да такіх сьцьвярджэньняў большасьць беларускага грамадзтва?

На працягу некалькіх мінулых тыдняў мы шмат паведамлялі пра аўдыёкнігу Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому", якая выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе". Прэзэнтацыя яе ў чэрвені адбылася ў розных гарадах Беларусі. У многіх нашых слухачоў — сваё прачытаньне Быкава, уласнае стаўленьне да спадчыны вялікага пісьменьніка. Далей — некалькі лістоў на гэтую тэму, а таксама наконт стаўленьня нашых слухачоў да "Свабоды".

Вось што піша Дзьмітры Канапацкі з Лунінца:

"Кожны вечар па магчымасьці стараюся слухаць вашы перадачы, хаця з прычыны занятасьці на працы не заўсёды гэта атрымліваецца. Раней настройваўся на хвалі "Свабоды" на старэнькім радыёпрыймачы, а зараз слухаю з дапамогай спадарожнікавай "талеркі".

Вось ужо каторае дзесяцігодзьдзе "Свабода" для беларусаў — ледзь не адзіная крыніца аб'ектыўнай інфармацыі аб падзеях у нашай краіне і ў сьвеце. Хаця, на жаль, многія нашы грамадзяне дагэтуль нічога ня ведаюць аб альтэрнатыўных крыніцах інфармацыі і вымушаны спажываць тую лухту, што баюць ім цэнзураваныя беларускімі ўладамі СМІ.

Я проста дзіўлюся той сьмеласьці, мужнасьці вашых супрацоўнікаў, іх адданасьці свайму прафэсійнаму абавязку, зь якімі яны працуюць у такіх нялёгкіх умовах, рызыкуючы іншы раз сваёй уласнай свабодай і нават жыцьцём.

Апошнія тыдні вы часта ўзгадвалі на сваіх хвалях імя Васіля Быкава. На жаль, афіцыйныя СМІ пра яго стараюцца не ўспамінаць. У краіне робіцца ўсё, каб гэтае імя паступова сыходзіла з памяці беларусаў. Творы Быкава знайсьці, пачуць ці пабачыць зараз у Беларусі сапраўды праблематычна. Так што ваш дыск — рэч вельмі патрэбная"
.

Кароткі ліст на гэтую ж тэму ад Паўла Лубоўскага зь Менску:

"Зь цікавасьцю слухаю голас Васіля Быкава ў "Доўгай дарозе дадому". Колькі мудрасьці, праўды і, здаецца, трохі болю ў гэтым творы".

Наступны допіс — ад Яўгеніі Казловай з Воршы. Яна піша:

"З заміраньнем сэрца чакаю дыск з запісам голасу Васіля Быкава. Дзякуй вам, дарагія людзі. Такія падарункі — бясцэнныя. Нярэдка ад цяперашняга жыцьця хочацца плакаць, і толькі вы падтрымліваеце, лечыце душу".

І яшчэ адзін ліст-просьба, які даслала Зінаіда Сысаляціна з Пружанаў:

"Вельмі цікаўлюся творчасьцю Васіля Быкава і буду надзвычай удзячна "Свабодзе", калі атрымаю ад вас гэты дыск", — піша слухачка. — "Я і мая сям'я з задавальненьнем слухаем такія вашы перадачы, як "Дом літаратара", "Падарожжа са Свабодай". Асабліва кранае перадача Яна Максімюка "Званочкі". Дзякуй, паважаная "Свабода", што ты ёсьць. Вашы перадачы — нібы глыток сьвежага паветра. З захапленьнем вас слухаю. Жадаю вам Боскіх бласлаўленьняў на працы дзеля адраджэньня нашай Айчыны!".

Мы шчыра ўдзячны, шаноўныя слухачы, за вашы водгукі, за гэтыя добрыя словы, якія надзвычай важныя для нас. Аўдыёкнігу Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому" мы выслалі альбо вышлем у хуткім часе ўсім аўтарам цікавых лістоў, якія зьвярнуліся да нас з такой просьбай.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG