Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскі гарвыканкам супраць сьвяткаваньня ўгодкаў Грунвальду


Актывісты Воршы зьвярнуліся да ўладаў, прапанаваўшы сцэнар сьвяткаваньняў і нават бізнэс-плян, згодна зь якім ад гораду патрабаваўся мінімум грашовых сродкаў. Але атрымалі адмову.

Старшыня моладзевай суполкі "Зьвяз" Ігар Казьмярчак распавёў, што 600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы — гэта адметная дата для аршанцаў. Бо менавіта Аршанскі полк быў у авангардзе аб’яднанага войска Польшчы і ВКЛ і амаль увесь загінуў.

Моладзевыя актывісты пачалі абмяркоўваць фармат сьвяткаваньняў яшчэ ў мінулым сьнежні — напісалі ліст у гарвыканкам з прапановай зладзіць агульнагарадзкое сьвята. Аднак пісьмовага адказу не атрымалі.

Да наступнага ліста быў прыкладзены прапанаваны намі сцэнар, распавядае Ігар Казьмярчак. А таксама бізнес-плян, бо ўжо распачаліся перамовы з фундатарамі і рэклямадаўцамі. Дапамогі прасілі хіба што арганізацыйнай: каб была наладжана ахова правапарадку і каб у сьвяце ўзялі ўдзел работнікі аддзелу культуры гарвыканкаму, бо варта было б прыцягнуць да ўдзелу мастацкую самадзейнасьць.

Аршанскія актывісты ўжо стварылі аргкамітэт па падрыхтоўцы сьвяткаваньняў, і, зноў не дачакаўшыся адказу, самі пайшлі ў гарвыканкам. Паводле Ігара Казьмерчака, вусны адказ уладаў быў наступны: маўляў, мы катэгарычна супраць любых масавых імпрэзаў.

Аршанскі аргкамітэт па арганізацыі сьвяткаваньняў вырашыў, што 600-я ўгодкі Грунвальдзкай бітвы ўсё ж варта адзначаць, хай сабе і не ў фармаце агульнагарадзкіх масавых мерапрыемстваў. Таму быў абвешчаны конкурс дзіцячага малюнку "Грунвальд вачыма сучасьнікаў". Калі дазволу на выставу ў Воршы атрымаць ня ўдасца, малюнкі будуць выстаўленыя ў Менску. Яны далучацца да агульнарэспубліканскай выставы дзіцячых працаў, прысьвечанай Грунвальдзкай бітве.
XS
SM
MD
LG