Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзілася 6 кастрычніка 1981 года ў вёсцы Залесьсе на Смаргоншчыне. З тых часоў любіць залатую восень! Скончыла Залескую сярэднюю школу, потым – факультэт беларускай філялогіі і культуры БДПУ імя М. Танка. Вольная журналістка. Пісала для газэтаў “Новая газета Сморгони”, “Наша Ніва”, сайту “Рэгіён”. Цяпер супрацоўнічае з штотыднёвікам “Свободные новости плюс” і радыё «Рацыя». Піша прозу і вершы. Друкавалася ў часопісах “Акно”, “Верасень”, “Дзеяслоў”. Аўтарка кнігі вершаў і прозы “Вясновы джаз” і калектыўнага зборніка жаночай прозы “Пакахай мяне, калі ласка”. Жыве ў роднай вёсцы.


Што для вас свабода?


Магчымасьць працаваць, падарожнічаць, сустракацца зь цікавымі людзьмі. Дарыць падарункі і атрымліваць іх. Любіць. Сьвежы вецер у твар!


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

SMA.


Што для вас шчасьце?

Добрае здароўе маіх блізкіх і сяброў.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Не пасьпець зрабіць тое, што насамрэч варта зрабіць у жыцьці.


Які талент вы хацелі б мець?

Талент мастака.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?


Іх многа і ўсімі імі – захапляюся, як і самім жыцьцём.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Сустракаць прыгожыя захады. Адкрываць новыя сусьветы ў новых людзях! У сабе. Чытаць, папіваючы каву. Глядзець цікавыя рэчы. Атрымліваць харошыя лісты. Размаўляць з сябрамі. Падарожнічаць. Бачыць вынікі сваёй працы, хоць перыядычна і сам працэс падабаецца.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Магчыма, я і зьмяніла б пару рэчаў, але такія фантазіі могуць давесьці да вар’ятні, а я туды не імкнуся.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Рабі тое, што можаш!


Які ваш улюбёны дэвіз?


Вось гэтыя радкі Алеся Разанава:

Куды? Адкуль?
Маўчаньне…
Ня дасьць адказу час!
Стаю – і сам пытаньне!
Іду – і сам адказ!


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі, але на зіму я была б ня супраць зьяжджаць у любую цёплую прыморскую краіну плянэты Зямля…


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

Тут і цяпер.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Зрабіла б беларускую мову адзінай дзяржаўнай і занялася б пытаньнямі экалёгіі.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?


Добрасуседзкія і ўзаемавыгадныя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Як і з Эўразьвязам.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Дыктатура - апрыёры – нэгатыў, таму я не прытрымліваюся такога меркаваньня.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Гэтае пытаньне спрэчнае і нявырашанае.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Хтосьці і сёньня размаўляе, а ўсе не загавораць ніколі. На жаль… Але колькасьць беларускамоўных, безумоўна, можа павялічыцца.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?


Калі колькасьць беларускамоўных зьменшыцца - зьменшыцца тэрыторыя беларускамоўнай Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG