Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 гадоў, як зьнік Завадзкі. 10 хвілінаў маўчаньня


Зьміцер Завадзкі

Зьміцер Завадзкі


Сёньня журналісты сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў у сваіх рэдакцыях а 12 гадзіне запалілі сьвечкі ля партрэта Зьмітра Завадзкага і памаўчалі 10 хвілінаў — за кожны год зьнікненьня калегі і сябра.



Журналісты заклікалі падтрымаць акцыю «Сорамна забыцца!» і выказаць сваю салідарнасьць зь сям’ёй Зьмітра Завадзкага.

10 гадоў таму 7 ліпеня пры загадкавых абставінах зьнік апэратар Грамадзкага расейскага тэлебачаньня, грамадзянін Беларусі Зьміцер Завадзкі.

У той дзень Зьміцер на сваім аўтамабілі выехаў з дому ў Нацыянальны аэрапорт, каб сустрэць Паўла Шарамета. У аэрапорце пазьней знайшлі машыну Зьмітра Завадзкага са сьцёртымі адбіткамі пальцаў.

Сьледзтва прызнала датычнымі да выкраданьня былога апэратара прэзыдэнта ўдзельнікаў гэтак званай «групоўкі Ігнатовіча» — былых спэцназаўцаў падразьдзяленьня «Алмаз». Іх віна была прызнаная толькі ў выкраданьні апэратара. Хто й за што выкраў, а, магчыма, і забіў журналіста Завадзкага, дагэтуль невядома.

Кіраўнік дзяржавы неаднойчы заяўляў, што ў справе Зьмітра Завадзкага абавязкова знойдуць злачынцаў. Летась у інтэрвію газэце «Завтра» Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Зьмітра забілі і гэта была помста аднаго з супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Але ў судзе было даказана: Ігнатовіч і Завадзкі ня ведалі адзін аднаго. Калі ў Чачэніі затрымалі Ігнатовіча, то сюжэт пра яго, у якім гаварылася, што на баку баевікоў ваююць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў, паказвала кампанія НТВ. Таму й матыву помсьціць апэратару Грамадзкага расейскага тэлебачаньня ў Ігнатовіча не было.

За 10 гадоў грамадзтва так і не даведалася пра лёс Зьмітра Завадзкага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG