Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Маладафронтаўцы спадзяюцца, што грамадзкая ініцыятыва будзе спрыяць інтэграваньню Беларусі ў агульнаэўрапейскую адукацыйную прастору праз далучэньне да Балёнскага працэсу.

Актывісты «Маладога фронту» будуць распаўсюджваць інфармацыю пра плюсы Балёнскай сыстэмы і зьбіраць подпісы сярод студэнтаў і абітурыентаў. Яны таксама задзейнічаюць рэсурс сацыяльных сетак, будуць праводзіць круглыя сталы і канфэрэнцыі з удзелам адмыслоўцаў, у тым ліку зь дзяржаўных устаноў.

Салігорскі актывіст «Маладога фронту» Аляксей Валабуеў: «Апошнім часам з вуснаў беларускіх чыноўнікаў мы шмат чуем пра неабходнасьць далучэньня Беларусі да Балёнскага працэсу. Такія размовы і нават пэўныя захады ўжо мелі месца ў 2003 годзе. На жаль, да рэальных і незваротных зьменаў справа не дайшла.

Мы ня хочам паўтору сцэнару сямігадовай даўніны і вырашылі ініцыяваць своеасаблівы кантроль за гэтай сытуацыяй. Да таго ж, як паказвае досьвед, улады вельмі часта вымушаны прыслухоўвацца да канструктыўнага і актыўнага голасу грамадзкасьці. Гэта тая ініцыятыва, якую падтрымае ня толькі абсалютная большасьць моладзевых арганізацый, але ж і абсалютная большасьць усёй беларускай моладзі».

Інфармацыю для студэнтаў і выкладчыкаў пра актуальныя адукацыйныя праекты і падзеі можна будзе знайсьці на сайце кампаніі.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG