Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вёсцы Лучай на Пастаўшчыне шукаюць Атлянтыду


На Віцебшчыне, у вёсцы Лучай Пастаўскага раёну, пачаўся 6-ты мастацкі пленэр «У пошуках Атлянтыды». Такія пленэры ладзяцца ў невялікіх мястэчках, дзе ёсьць архітэктурныя помнікі, якія вымагаюць рэстаўрацыі, або іншыя мясцовыя адметнасьці, якія варта захаваць для нашчадкаў.

Вёска Лучай месьціцца за 18 кілямэтраў ад райцэнтру Паставы, але з аўтатрасы Полацак — Вільня трэба збочыць і праехаць яшчэ тры кілямэтры на захад.

Крыніцай натхненьня для мастакоў стаў помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя — касьцёл Сьвятога Тадэвуша, пабудаваны ў 1766-1776 гадах. Будынак ня быў разбураны ў Вялікую айчынную вайну, аднак з 1971 году ён быў зачынены і ператвораны ў калгасны склад. У 1990 годзе заняпалы будынак храму аддалі мясцовай каталіцкай парафіі, і з тае пары ён аднаўляецца, у тым ліку і за кошт дабрачынных ахвяраваньняў.

Помнік вачыма маладога менскага мастака Антона Вырвы.

Мастак з Гомелю Юры Платонаў.

Група мастакоў, якія прыехалі зь Менску, Гомелю, Віцебску, Наваполацку, Паставаў, Верхнядзьвінску, атайбавалася ў былой мясцовай школе. Калісьці гэта быў будынак плябаніі, і неўзабаве ён зноў стане касьцёльнай маёмасьцю. Адзінае, што спачатку засмуціла, — гэта адсутнасьць электрычнасьці: пасьля таго як школа адсюль пераехала, электрыкі абрэзалі сьвятло.

Але ксёндз Мікалай, які шмат робіць, каб добраўпарадкаваць навакольле, ня толькі дазволіў падлучыцца да электрасеткі ў касьцёле, але і пазычыў шматмэтровы «падаўжальнік». Яго якраз хапіла да будынка, дзе жывуць мастакі.

Тут пасяліліся ўдзельнікі пленэру.

На погляд менскай мастачкі Кацярыны Мясьніковай, адсюль адкрываюцца маляўнічыя краявіды. А тое, што, ашчаджаючы электрычнасьць, мастакі вячэраюць пры сьвечках, толькі надае рамантызму і натхненьня.

Кацярына Мясьнікова.

Васіль Пешкун і Ганна Селівончык прыехалі разам з 9-гадовай дачушкай, наймалодшай удзельніцай пленэру. Маша Пешкун, як і дарослыя мастакі, штодня выходзіць «на этуды».

Малюе Маша Пешкун.

Тое, што пасьпелі зрабіць, мастакі абмяркоўваюць паміж сабой. А напрыканцы пленэра, 12 ліпеня, адбудзецца першая выстава твораў з лучайскага пленэру, на якую запросяць усіх мясцовых жыхароў.

Натальля Белавокая (у цэнтры) паказвае «сьвежыя» краявіды возера Лучай.

Вёска Лучай невялікая, тут жывуць усяго каля сотні вяскоўцаў. Але мясцовы касьцёл ужо стаўся вядомым экскурсійным аб’ектам: сюды прыяжджаюць і тыя, хто адпачывае ў санаторыях на Нарачы, і тыя, хто дабіраецца ўласным аўтатранспартам. Аздабленьне пляцоўкі вакол храму чымсьці нагадвае Мосар — знакаміты «беларускі Вэрсаль», створаны імпэтам і талентам ужо нябожчыка ксяндза Ёзаса Булькі. Перад уваходам у касьцёл у 2008 годзе быў усталяваны адзіны ў Беларусі і першы ў сьвеце помнік папу рымскаму Бэнэдыкту ХVI.

Помнік папу рымскаму Бэнэдыкту ХVI
У касьцёльным двары.

Мясцовы ксёндз Мікалай шмат займаецца рамонтам будынка — пад ягоным кіраўніцтвам касьцёл фарбуюць звонку і вычышчаюць сутарэньні. На чарзе — будынак плябаніі.

Амаль што «калега» мастакоў.

Мэта пленэраў «У пошуках Атлянтыды», паводле ініцыятаркі іх правядзеньня, паэткі Леры Сом, якраз і палягае ў тым, каб прыцягнуць увагу да падобных архітэктурных помнікаў. Яны ці пакрысе аднаўляюцца, ці маюць пільную патрэбу ў рэстаўрацыі. І мастакі спрабуюць перадаць унікальнасьць гэтых аб’ектаў.

Пазьней, калі мастацкія працы будуць канчаткова завершаныя, выставы твораў удзельнікаў пленэру пройдуць у Віцебску, Полацку, Воршы і Менску. У гэтых гарадох ужо выстаўляліся працы, напісаныя падчас мінулых пленэраў у Лявонпалі, Дзісьне, Друі, Асьвеі і Вопсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG