Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці выгадны Беларусі ўдзел у Мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомелю.



Спадар: «З улікам таго, што ў межах Мытнага саюзу й адзінай эканамічнай прасторы кошты на газ і энэрганосьбіты, магчыма, будуць аднолькавымі, то беларуская прадукцыя па коштах і якасьці будзе канкурэнтаздольная на рынках Казахстану й Расеі. З гэтага гледзішча нам выгадны Мытны саюз. Калі рамкі дамоўленасьці будуць іншыя, наша прадукцыя будзе даражэйшая й ня зможа канкураваць на гэтых рынках. Тут трэба дбаць пра эканамічныя інтарэсы нашай дзяржавы».

Спадарыня: «Простым людзям, я думаю, гэта не зусім выгадна. Аўтамабіль мне трэба купіць, а на яго вельмі ўзрастуць кошты».

Спадар: «Лепей Эўразьвяз, чым Мытны саюз. Там больш прыстойныя людзі й стасункі больш прыстойныя».

Спадар: «Пытаньне складанае — яго ж не адразу падпісалі. Але я мяркую, што ў прынцыпе, з эканамічнага пункту гледжаньня, ён выгадны. Усе тавары будуць праходзіць бяз мыта, ня будзе ніякіх нацэнак, будзе ўсё гэта хутчэй рэалізоўвацца. Але я нафту не бяру пад увагу. І газ таксама. Натуральна, для нас было б выгадна, каб і на гэтыя рэсурсы распаўсюджвалася дамоўленасьць пра Мытны саюз».

Спадар: «Я лічу, што выгадна, калі мяжа адкрытая з двух бакоў. А калі з аднаго боку ў нас свабода, а з другога — па сутнасьці, жалезная заслона з Эўразьвязам, то мне асабіста гэта не падабаецца».

Спадар: «Маё меркаваньне: саюз выгадны, але, як кажа таварыш Лукашэнка, каб нам таксама насустрач ішлі. Нашыя тавары мы прадаём ім, іхнія ідуць на нас — у любым выпадку нам патрэбны мытныя сувязі».

Спадар: «Вельмі дзіўна падпісаны гэты Мытны саюз, і гэтая сытуацыя насьцярожвае. Узаемаадносіны кіраўнікоў дзяржаў вельмі моцна ўплываюць на эканамічныя інтарэсы гэтых дзяржаў. А так не павінна быць».

Спадарыня: «Вось Расея, Беларусь — гэта так. А Казахстан? Я ня ведаю, пры чым ён да нас?»

Спадар: «Гледзячы як гэта будзе рэалізоўвацца. Ёсьць умовы, якія могуць быць карыснымі, а тое, што ёсьць зараз, — гэта ня вельмі задавальняе. Ёсьць нюансы, якія да гэтага часу выклікаюць спрэчкі — гэта мыта. Яны няпэўныя. І перамовы ня надта адкрытыя».

XS
SM
MD
LG