Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Якія наступствы будзе мець паказ па канале НТВ антылукашэнкаўскага фільму «Хросны Бацька»? Фільм, які праз спадарожнік і інтэрнэт ужо паглядзелі тысячы беларусаў, працягваюць камэнтаваць вядомыя палітыкі.

Некалькі вядомых беларускіх палітыкаў давалі інтэрвію аўтарам фільму «Хросны Бацька». Сярод іх — лідэр стваранай партыі «Народная грамада» Мікалай Статкевіч. Паводле ягоных словаў Статкевіча, існуе відэа забойства Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Яно было зьнята на загад тых, хто замовіў выкраданьні гэтых людзей:

«Наколькі мне вядома, падчас арышту Паўлічэнкі былі канфіскаваныя нейкія відэа з запісамі сцэн сьмяротнага пакараньня. Падчас нядоўгага знаходжаньня Паўлічэнкі пад вартай былі зробленыя копіі гэтага відэа, і гэтыя копіі знаходзяцца ў розных краінах. Як гарантыя бясьпекі былога генпракурора Бажэлкі і былога старшыні КДБ Мацкевіча. І, наколькі мне вядома, гэтыя копіі ёсьць у Расеі, а таксама ў Нямеччыне. Але ўсю праўду мы даведаемся толькі пасьля таго, як у Беларусі будзе дэмакратыя».

Мікалай Статкевіч
Аляксандар Казулін
Яраслаў Раманчук
Віталь Рымашэўскі
Аляксей Янукевіч
Анатоль Лябедзька
Ці зьявіцца на тэлеэкранах фільм «Хросны Бацька-2»? Вось што мяркуе пра далейшую палітыку расейскіх тэлеканалаў адносна Беларусі былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, гісторыя асуджэньня якога расказаная ў фільме «Хросны Бацька»:

«Далей пра Беларусь будзе тое, што ёсьць на самой справе. Калі раней нешта замоўчвалі, то зараз будуць так: вось такія факты. Што ёсьць, тое ёсьць».

Зьніклыя Юрый Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, пра чый лёс распавядаюць у фільме «Хросны Бацька», былі сябрамі Аб’яднанай дэмакратычнай партыі. Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта ад АГП Яраслаў Раманчук кажа, што тэма зьніклых ніколі не забывалася ў ягонай партыі, а зараз фільм «Хросны Бацька» дае магчымасьць адрадзіць гэтую тэму ня толькі ў Эўропе, але і ў Расеі:

«Трэба зьвярнуцца да расейскіх палітыкаў, да спадара Лукіна, Касачова. Што вось такі матэрыял зьяўляецца на фэдэральным канале, гэтыя факты патрабуюць расьсьледаваньня. Гэтага раней патрабавалі сябры Рады Эўропы. Мяркую, трэба гэтак рухацца далей, каб гэта не была выключна помста Крамля, альбо нейкая дэмакратычная правакацыя беларускіх сілаў, альбо нейкая замова палякаў. А каб гэта было пасьлядоўнае расьсьледаваньне, у якім бяруць удзел усе зацікаўленыя бакі».

Наколькі хвалююць лёсы зьніклых беларускіх палітыкаў расейскае кіраўніцтва? Ня мае сумненьня ў палітычных прычынах паказу фільму «Хросны Бацька» на НТВ Віталь Рымашэўскі, які спрабуе стаць кандыдатам на прэзыдэнта ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі:

«У гэтай лініі могуць быць зацішшы — альбо ўдары, як з гэтым фільмам. Але, улічваючы палітычную мэнтальнасьць усходняга суседа, гэты курс ня будзе зьменены, пакуль альбо ня скінуць Лукашэнку, альбо не пазбавяць яго магчымасьці прымаць незалежныя рашэньні».

Гледачы фільму «Хросны Бацька» задаюць пытаньне: як атрымалася, што ў цэнтры Эўропы далі расквітнець рэжыму, які цяпер параўноўваюць з фашыстоўскім? Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў пра тое, чаго не дачакаўся ад аўтараў фільму, калі ішлося пра пагрозу імпічмэнту Лукашэнку:

«Мне цікава было пабачыць, ці скажуць расейцы, што тады падтрымалі Лукашэнку, калі ў Менск прыехалі Селязьнёў і Строеў? Ці пакаюцца, што тады была наша памылка, што столькі гадоў ня толькі эканамічна падтрымлівалі, але і палітычна? Пра першае яны кажуць, што эканамічна падтрымлівалі Лукашэнку, але ж і палітычна яны давалі яму магчымасьць існаваць. Але — не, гэта яны на сябе пакуль што ўзяць не гатовыя».

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька назваў фільм «гранатай, якая кінутая ў акоп, дзе схаваліся беларускія кіраўнікі». Анатоль Лябедзька за тое, каб захады ў гэтым кірунку працягваліся і з боку беларускай апазыцыі:

«Заўтра мы адправім зварот у Генэральную пракуратуру Беларусі аб магчымым завядзеньні крымінальнай справы па фактах, якія згадваюцца ў гэтым дакумэнтальным фільме. Там названыя імёны тых, хто арганізоўваў і выкрадаў лідэраў АГП Ганчара, Захаранку, таксама згадваецца Карпенка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG