Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВНУ ўздымаюць кошт навучаньня


Ад сёньняшняга дня абітурыенты могуць атрымаць сэртыфікаты з вынікамі цэнтралізаванага тэставаньня і рыхтаваць дакумэнты для падачы ў ВНУ. Прыкладна 15% могуць прэтэндаваць на бюджэтныя, то бок бясплатныя месцы. Астатнія ахвотныя за вышэйшую адукацыю вымушаныя будуць плаціць. Колькі будзе каштаваць вышэйшая адукацыя сёлета?

На прэстыжныя спэцыяльнасьці суадносіны паміж бюджэтам і платным аддзяленьнем могуць дасягаць 1:17. На спэцыяльнасьць «камунікатыўны дызайн» гуманітарнага факультэту БДУ на бясплатнае навучаньне набіраюць 5 студэнтаў, на платнае — 85. На эканамічны факультэт БДУ — 50 на бюджэт і 185 на платнае. Наколькі гэта стасуецца з Канстытуцыяй, якая гарантуе магчымасьць атрыманьня бясплатнай адукацыі, разважае палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч
«Тут няма супярэчнасьцяў з Канстытуцыяй. Платная вышэйшая адукацыя — гэта цалкам магчымая і дапушчальная паводле беларускага заканадаўства рэч. Іншая справа, што зацікаўленасьць дзяржавы ў абнаўленьні кадраў ня вельмі стасуецца, скажам так, з рынкавай каньюнктурай. Каньюнктура рынку дыктуе, колькі каштаваць будуць тыя ці іншыя адукацыйныя паслугі. На жаль, у нас на сёньняшні дзень занадта шмат менавіта платных месцаў. І гэта кажа пра тое, што дзяржава альбо ня мае сродкаў фінансаваць неабходную і патрэбную вышэйшую адукацыю, альбо імкнецца на гэтым зарабляць».

Белдзяржунівэрсытэт, Лінгвістычны ўнівэрсытэт, Унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі новых расцэнак пакуль ня выставілі. У БДУ нам паведамілі:

«Я вам нават не скажу, таму што мы самі ня ведаем. Усе цэны пакуль у Міністэрстве адукацыі на зацьверджаньні. Пакуль Міністэрства нам ня верне, не зарэгіструе нам цэны, цэнаў пакуль ня будзе».

Але тое, што цэны ўзрастуць, фінансісты БДУ прагназуюць:

«Не, крыху, напэўна, вырастуць. Таму што павысіліся тарыфная стаўка першага разраду — стала 90 тысяч. Адпаведна, і кошты павысяцца».

На сайтах некаторых вышэйшых навучальных установаў ужо ёсьць новыя цэны. Падобна, лідэрам што да коштаў застанецца Мэдычны ўнівэрсытэт: кошт навучаньня на стаматалягічным факультэце — 6 мільёнаў 540 тысяч (на 540 тысяч больш, чым летась). Прыкладна на 400 тысяч узьнялася аплата і ў Эканамічным унівэрсытэце, Акадэміі кіраваньня — да 3 мільёнаў 900 тысяч.

У недзяржаўных ВНУ кошты крыху ніжэйшыя, чым у дзяржаўных. І ня так імкліва яны растуць. Галоўны бухгальтар Інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва паведаміў:

«Не ўзьняліся кошты, засталіся тыя ж, што ў мінулым годзе. На дзённым аддзяленьні — 3 мільёны 200 тысяч, на завочным — 1 мільён 400 тысяч: прыкладна палова, нават крыху менш».
Кошты на навучаньне зьвязаныя з рынкавай каньюнктурай, з попытам і канкурэнцыяй.


Паводле тлумачэньняў чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, плата за навучаньне наўпрост зьвязаная з выдаткамі — на абсталяваньне і гэтак далей. Праўда, не зусім тады зразумела, чаму навучаньне на платных аддзяленьнях фізфаку, хімфаку, дзе абсталяваньне, рэактывы даволі дарагія, амаль у два разы таньнейшае, чым, да прыкладу, на гуманітарных факультэтах, кшталту філялягічнага, філязофскага, журфаку.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

«Гэта ўсё для недасьведчаных людзей — размовы пра тое, што кошты на навучаньне зьвязаныя з выдаткамі. Не, гэта ня так. Яны зьвязаныя з рынкавай каньюнктурай, з попытам і канкурэнцыяй. Іншая справа, зноў жа, — не разумею, як гэта адбываецца ў дзяржаўных установах, дзе існуе манаполія, рынак абмежаваны. Таму адкуль яны бяруць кошты — цалкам невядома».

Вядома толькі, што сёлета кошты зноў вырастуць, як вырастаюць штогод. Дарэчы, у шмат якіх заходніх краінах кошты навучаньня фіксаваныя: студэнт усе 4 альбо 5 гадоў вучобы плаціць аднолькавую суму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG