Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Бандарэнка за час галадоўкі схуднеў больш як на 7 кіляграмаў


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка, які адбывае пакараньне ў Бабруйскай калёніі, галадуе ўжо 22 дні. Вязень пратэстуе супроць асуджэньня, якое лічыць палітычна матываваным. Пра ўмовы галадоўкі Андрэя Бандарэнкі паведаміў "Свабодзе" адвакат Зьміцер Лаеўскі.

"Галадуе Бандарэнка з 15 чэрвеня. Пры росьце 182 сантымэтры ён важыў 68,3 кіляграма на пачатак галадоўкі, а зараз важыць 61 кіляграм. Піша, што адчувае слабасьць, кружыцца галава, цяжка падымацца па лесьвіцы", — паведамляе адвакат Лаеўскі пра Бандарэнку.

Паводле адваката, ягонага падабароннага так і не перавялі ў санітарную частку Бабруйскай калёніі і прымушаюць выконваць усё, што належыць іншым вязьням. У тым ліку Андрэй Бандарэнка мусіць прысутнічаць, калі ядуць іншыя вязьні, а гэта пагаршае ягонае самаадчуваньне. Таксама Андрэя Бандарэнку накіроўваюць на працу ў вытворчую зону калёніі, паведаміў адвакат Зьміцер Лаеўскі. Паводле адваката, ліставаньне зь вязьнем фактычна абмежаванае. Так, Андрэй Бандарэнка не атрымаў чатыры лісты ад свайго абаронцы з укладзенымі ў іх копіямі скаргаў і іншых працэсуальных дакумэнтаў. "Гэта яўнае парушэньне правоў майго падабароннага", — мяркуе адвакат Зьміцер Лаеўскі.

У лютым Андрэй Бандарэнка быў асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці паводле артыкула аб крадзяжы шляхам махлярства. Менскі гарадзкі суд з гэтым прысудам пагадзіўся. Зараз Андрэй Бандарэнка і ягоны адвакат Зьміцер Лаеўскі чакаюць разгляду нагляднай скаргі на прысуд, якую яны накіравалі на імя старшыні Менскага гарадзкога суду. Шмат хто з праваабаронцаў і палітыкаў у Беларусі мяркуюць, што Андрэй Бандарэнка стаў ахвярай помсты за палітычную актыўнасьць, а менавіта — за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году і спробы аспрэчыць іх вынікі. Для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў гэтыя спробы выявіліся цалкам нездавальняючымі.
XS
SM
MD
LG