Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд пастанавіў: апазыцыянэрка пабіла начальніка аховы заводу


Аксана Самуйлава

Аксана Самуйлава

Сёньня Ленінскі суд Магілёва прызнаў валянтэрку грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Аксану Самуйлаву вінаватай у зьбіцьці начальніка аддзелу прамысловай бясьпекі заводу "Ліфтмаш" Аляксандра Шулава. Судзьдзя Ірына Сарока пакарала актывістку штрафам у памеры дзесяці базавых велічыняў —350 тысяч рублёў. Паводле судовай пастановы, зьбіцьцё Шулавым Самуйлавай не ўстаноўлена.

Нагодай для суду сталася затрыманьне ахоўнікамі заводу "Ліфтмаш" Аксаны Самуйлавай і актывіста стваранай партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Канстанціна Тыртычнага. 19 траўня на прылеглай да прадпрыемства тэрыторыі яны раздавалі рабочым газэту "Свободные новости плюс" з інфармацыяй пра праект "Сто твараў беспрацоўя" грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду".

Як сьцьвярджаюць актывісты, двое ахоўнікаў напалі на іх, гвалтам зацягнулі ў будынак заводаўпраўленьня і ўтрымлівалі там больш за гадзіну. Потым перадалі супрацоўнікам Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва.

Пазьней у гэты ж аддзел міліцыі з заявамі аб зьбіцьці зьвярнуліся і Аксана Самуйлава, і Аляксандар Шулаў. Судмэдэкспэртыза вызначыла, што ў абаіх ёсьць цялесныя пашкоджаньні, якія не нясуць доўгатэрміновай шкоды здароўю. У Самуйлавай зафіксавана мноства сінякоў, а ў Шулава — драпіны на сьпіне і адзін кровападцёк.

Цягам двух дзён суд дапытваў удзельнікаў інцыдэнту. Акрамя Аксаны Самуйлавай і Аляксандра Шулава, паказаньні давалі двое сьведкаў з боку актывісткі і пяцёра — з боку начальніка заводзкага аддзелу аховы. Аксана Самуйлава лічыць, што судзьдзя вынесла несправядлівы вырак:
Адкуль у мяне ўзяліся пабоі, няясна...

"Я разьлічвала, што мне дадуць штраф, але й дадуць штраф Шулаву. Суд павярнуўся так, што яму не далі наагул нічога. Адкуль у мяне ўзяліся пабоі, няясна. Сьведкі ягоныя супярэчылі адзін аднаму. Зразумела, што я не магла пабіць ніякім чынам начальніка аховы. Мы будзем змагацца далей. Мы не парушалі ніякага закону".

Адвакатка актывісткі Натальля Мяцеліца адзначае, што органы, які вялі адміністрацыйны працэс, не далі ацэнкі інцыдэнту. Ахоўнікі ня мелі права затрымліваць актывістаў, бо не было пагрозаў для прадпрыемства і яго маёмасьці:

"Самуйлава ж распаўсюджвала друкаванае выданьне. Дзяржава забясьпечвае неўмяшаньне ў ажыцьцяўленьне дадзенай свабоды, то бок гэты грамадзянін ня можа ўмешвацца проста так, а ён зрабіў такое ўмяшаньне й парушыў артыкулы Канстытуцыі. Акрамя таго, парушылі яшчэ права на свабоду й недатыкальнасьць, ня маючы на тое падставаў".

Аляксандар Шулаў па сканчэньні суду катэгарычна адмовіўся адказваць на пытаньні журналіста. У суправаджэньні дужага хлопца ён хутка сышоў. Суду ён заяўляў, што Самуйлава яго біла ў плечы, калі ён забраў у яе газэты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG