Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

14 беларусаў — у сьпісе найбольш небясьпечных злачынцаў Інтэрполу


Міжнародная арганізацыя крымінальнай паліцыі Інтэрпол у рамках апэрацыі Infra-Red-2010 зьмясьціла на сваім афіцыйным сайце інфармацыю пра 100 найбольш небясьпечных злачынцаў, якія хаваюцца ад правасудзьдзя па ўсім сьвеце, і іхнія фота.

У агульным сьпісе ёсьць імёны 14 грамадзянаў Беларусі. Гэта Віктар Абласаў (1960 году нараджэньня), Віктар Аляхновіч (1972), Аляксандар Баранкоў (1981), Сяргей Валяваты (1970), Натальля Драздова (1985), Уладзімер Гардзееў (1957), Міхаіл Гудовіч (1980), Ігар Ірхо (1960), Вадзім Кац (1971), Віталь Кучынскі (1985), Рафаіл Левін (1963), Аляксандар Рабец (1974), Вікторыя Цунюк (1961), Канстанцін Ягораў (1974). Таксама менскія ўлады накіравалі ў Інтэрпол запыт адносна вышуку грамадзяніна Пакістану, які жыў у Беларусі і займаўся тут злачыннай дзейнасьцю.

Таксама з запытамі ў Міжнародную крымінальную паліцыю ў рамках апэрацыі Infra-Red-2010 зьвярнуліся ўлады Аўстраліі, Аўстрыі, Бэльгіі, Бразыліі, Вялікабрытаніі, Вугоршчыны, Гішпаніі, Даніі, Літвы, Канады, Польшчы, Нямеччыны, Румыніі, ЗША, Украіны, Швайцарыі, Эстоніі ды іншых краін.

Апэрацыя Infra-Red-2010, у якой удзельнічаюць звыш 50 афіцэраў з 29 краін сьвету, пачалася сёлета ў траўні і завершыцца 15 ліпеня. Яе мэта — экстрадыцыя на радзіму больш як 450 злачынцаў-уцекачоў, якія хаваюцца ад нацыянальнага правасудзьдзя. Іх абвінавачваюць у забойствах, пэдафіліі, махлярстве, карупцыі, незаконным абароце наркотыкаў і адмываньні грошай.
XS
SM
MD
LG