Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Усходняе партнэрства" як спосаб эўрапеізаваць Беларусь


У Менску пачалася двухдзённая канфэрэнцыя Нацыянальнага форуму грамадзянскай супольнасьці "Дарожная карта "Ўсходняга партнэрства" для Беларусі". Сёлета ў лістападзе ў Бэрліне адбудзецца ІІ Форум грамадзянскай супольнасьці, і прадстаўнікі трэцяга сэктару маюць выпрацаваць салідарную пазыцыю, каб годна прадстаўляць краіну на гэтым мерапрыемстве.Першы аналягічны форум прайшоў летась у Брусэлі.

Нягледзячы на запрашэньні арганізатараў прадстаўнікі ўладаў праігнаравалі сёньняшнюю канфэрэнцыю. Экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў кажа, што высілкі грамадзянскай супольнасьці на дзяржаўным узроўні ўспрымаюцца не як дапамога ў супольнай працы, а як перашкода:

Дзяніс Мельянцоў
"Грамадзянскі працэс яны ўспрымаюць як нейкую прыкрую перашкоду ў сваёй супрацы з эўрапейскімі структурамі, у дзейнасьці па здабываньні грошай, праектаў і г.д. Таму я б засьцярог шаноўных удзельнікаў, каб перабольшваць менавіта ролю Форуму грамадзянскай супольнасьці ва "Ўсходнім партнэрстве". Ад самага пачатку гэты форум задумваўся менавіта як маніторынгавая пляцоўка, якая будзе сачыць за тым, якім чынам зьдзяйсьняюцца праекты на дзяржаўным узроўні, выпрацоўваць рэкамэндацыі для паляпшэньня гэтага працэсу, каб ён быў больш гладкі, больш пасьпяховы".

Нацыянальны каардынатар кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўлад Вялічка кажа, што "Ўсходняе партнэрства" робіць заўважны ўнёсак у паступовую эўрапеізацыю Беларусі. Па-першае, відавочны працэс дэсаветызацыі, "дэмантажу" састарэлых звычак, якія засталіся ў спадчыну ад савецкіх часоў. Па-другое, беларусізацыя — фармаваньне сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Нарэшце, уласна працэс эўрапеізацыі — прасоўваньне эўрапейскай мадэлі, эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі:

Уладзімер Вялічка
"Неабходна паспрабаваць аформіць і замацаваць мэханізм уключэньня голасу грамадзянскай супольнасьці ня толькі краінаў "Усходняга партнэрства", але і эўрапейскіх дзяржаваў. Таму што праграма "Ўсходняга партнэрства" аб'ядноўвае ня толькі грамадзянскую супольнасьць шасьці краінаў, але таксама і грамадзянскую супольнасьць краінаў Эўразьвязу, уключна зь міжнароднымі арганізацыямі. Таму адна з задачаў — падключэньне гэтых гульцоў, узмацненьне іх голасу ў міждзяржаўным узаемадзеяньні, працэсах збліжэньня, якія разьвіваюцца ў рамках дадзенай праграмы".

Экспэрт аналітычнага цэнтру "Wider Europe" Вячаслаў Паздняк зьвяртае ўвагу на тое, што пры большым паразуменьні паміж фармальнымі апанэнтамі плён ад "Усходняга партнэрства" мог быць нашмат большы:

Вячаслаў Паздняк
"Пералік таго, што прапануе праграма "Ўсходняга партнэрства" для Форуму грамадзянскай супольнасьці, складае досыць вялікі сьпіс. Гэткі сьпіс добрых спраў, якія можна было б рэалізаваць пры ўмове, калі б былі палітыка-прававыя ўмовы, калі б быў актыўны, з узаемаразуменьнем дыялёг з уладамі, зь міністэрствамі, з канкрэтнымі афіцыйнымі асобамі. Тады можа было ўсім гэтым займацца. У нашых умовах я прапанаваў бы досыць просты альгарытм таго, што мы маглі б зрабіць у інтарэсах беларускага Форуму грамадзянскай супольнасьці, выкарыстоўваючы агульнарэгіянальны эўрапейскі форум. У Бэрліне будзе рэальны канал вынесьці найбольш важныя і набалелыя праблемы на ўзровень дыскусій урадавых і эўразьвязаўскіх гульцоў".

Заўтра на канфэрэнцыі Нацыянальнага форуму грамадзянскай супольнасьці будуць названыя беларускія няўрадавыя арганізацыі, якія возьмуць удзел у Бэрлінскім форуме. Пакуль на 32 месцы для Беларусі прэтэндуюць 88 аб'яднаньняў.

Адной з дэкляраваных мэтаў праграмы "Усходняе партнэрства" – набліжэньне шасьці постсавецкіх краінаў (Беларусь, Украіна, Малдова, Азэрбайджан, Армэнія і Грузія) да прасторы Эўразьвязу.

Аляксандар Мілінкевіч
Людміла Гразнова
Жана Літвіна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG