Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржэкспэртызу праекту АЭС завершаць да 15 ліпеня


Дэманстрацыя супраць беларускай АЭС у Капэнгагэне.

Дэманстрацыя супраць беларускай АЭС у Капэнгагэне.

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі пачало афіцыйную працэдуру дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы справаздачы “Аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС” (АУНА) і разьлічвае завяршыць яе да 15 ліпеня.

Паводле агенцтва "Интерфакс-Запад", начальнік управы дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Мінпрыроды Аляксандр Андрэеў заявіў:

"Справаздача аб АУНА у нас на экспэртызе, якая вызначыць адпаведнасьць дакумэнта патрабаваньням нацыянальнага заканадаўства ў частцы абароны навакольнага асяродзьдзя. Мы разьлічваем завяршыць экспэртызу да 15 ліпеня".

Паводле словаў Андрэева, гэты дакумэнт уяўляе сабой інвэстыцыйнае абгрунтаваньне пабудовы АЭС. У дакумэнт у працэсе экспэртызы будуць унесены дапаўненьні з улікам заўваг краін, у якіх праходзілі грамадзкія слуханьні і тэхнічныя кансультацыі па справаздачы аб АУНА. Андрэеў дадаў, што, паводле беларускага заканадаўства, краіна мае права не інфармаваць сумежныя дзяржавы аб выніках дзяржэкспэртызы, аднак адзначыў, што тыя дзяржавы, у якіх праходзілі грамадзкія слуханьні, будуць апавешчаныя аб тым, што іх заўвагі і дадаткі ўлічаныя ў выніковым дакумэнце.

Беларусь праводзіла кансультацыі па бясьпецы АЭС з Латвіяй, Літвой, Украінай, Аўстрыяй і Польшчай. "Расея адразу дала сваю згоду на будаўніцтва", - удакладнілі ў Мінпрыроды.

Тым часам незалежныя расейскія экспэрты, якія ня раз прыяжджалі ў Беларусь і бралі ўдзел у грамадзкіх слуханьнях, выступаюць рэзка супраць пабудовы АЭС у Беларусі.
XS
SM
MD
LG