Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мін'юст папярэдзіў Партыю БНФ

абноўлена

Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла папярэджаньне Партыі БНФ і прызнала яе нечарговы зьезд нелегітымным. Аб гэтым паведамляе агенцтва "Интерфакс-Запад".

"Мін'юст прызнаў нелегітымным пазачарговы XIII зьезд Партыі БНФ ад 29 траўня 2010 году, а яго рашэньні — неправамоцнымі", — паведамілі Інтэрфаксу ў міністэрстве.

Там паведамілі, што ў Мін'юст "паступіў зварот аднаго зь сябраў рэвізійнай камісіі Партыі БНФ са зьвесткамі пра шэраг парушэньняў патрабаваньняў статуту і заканадаўства, якія былі дапушчаныя кіраўнічым органам (Соймам) Партыі БНФ падчас падрыхтоўкі яе пазачарговага XIII зьезду".

"Вывучэньне Мін'юстам дакумэнтаў, якія тычацца зьезду, паказала, што рашэньне пра яго правядзеньне прыняў 18 красавіка Сойм Партыі БНФ. На гэтым жа пасяджэньні быў вызначаны парадак вылучэньня дэлегатаў зьезду, паводле якога значная колькасьць дэлегатаў падлягала не абраньню, а прызначэньню", — паведамілі ў Мін'юсьце.

"Гэтым рашэньнем быў парушаны адзін з асноўных прынцыпаў дзейнасьці палітычных партый, замацаваны законам "Аб палітычных партыях", — прынцып дэмакратызму, а таксама ўласны статут партыі", адзначылі ў Мін'юсьце.

"Пазачарговы XIII зьезд Партыі БНФ быў праведзены 29 траўня 2010 году. Больш за палову прысутных на зьезьдзе дэлегатаў былі вылучаны са згаданымі грубымі парушэньнямі патрабаваньняў статуту Партыі БНФ", — адзначылі ў Мін'юсьце.

Нагадаем, на зьезьдзе, сярод іншага, Рыгор Кастусёў быў вылучаны прэтэндэнтам у кандыдаты ў прэзыдэнты ад Партыі БНФ.


Аляксей Янукевіч
"На 100 адсоткаў перакананы, што гэтае папярэджаньне ня выкліканае нейкімі парушэньнямі, а зьяўляецца чарговым крокам у ланцугу дзеяньняў уладаў па зачыстцы палітычнага поля перад выбарамі", — заявіў "Свабодзе" старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

"Мы лічым гэтае папярэджаньне несправядлівым. Будзем рыхтаваць скаргу ў суд, каб яго скасавалі. Хоць мы і ведаем, што свабоднага суду ў Беларусі няма", — дадаў Янукевіч.

"Што да палітычных наступстваў: ніякім чынам Мін'юст не прымусіць партыю праводзіць самацэнзуру напярэдадні выбараў. Рашэньне Мін'юсту на дзейнасьць партыі не паўплывае", — адзначыў кіраўнік ПБНФ.

"Пра зварот у Мін'юст. На жаль, было такое. Вельмі недарэчны і абуральны факт. Гэта зрабіў Уладзімер Малей з Маларыты. Ён фактычна сам паведаміў, што зьвяртаўся ў Мін'юст. Мін'юст зьяўляецца фактычна карным органам. Выклікае шкадаваньне, што сябра партыі фактычна пайшоў на супрацу з рэжымам, каб нанесьці ўдар па партыі".

Я палічыў, што трэба спыніць дзейнасьць, якая не грунтуецца на законе ...

"Я зьвярнуўся да дзяржаўнага органа, які кантралюе дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Кіраўніцтва парушае Статут партыі і законы. Я вымушаны быў гэта зрабіць. Я палічыў, што трэба спыніць дзейнасьць, якая не грунтуецца на законе. Вось я і зьвярнуўся", - заявіў Уладзімер Малей у інтэрвію Свабодзе.

"Як юрыст я лічу, што Мін'юст паступіў абсалютна правільна", - дадаў Малей.


Вінцук Вячорка
"Я супраць таго каб пасярэднікам у вырашэньні ўнутраных пытаньняў была дзяржава, якая не зьяўляецца дэмакратычнай. І яе сілавыя структуры, Мін'юст — адна зь іх", — заявіў сябра Партыі БНФ палітык Вінцук Вячорка.

"Для рашэньняў важнейшая ўнутраная легітымнасьць. Спосаб фармаваньня складу дэлегатаў зьезьду, які супярэчыў статуту, быў адпаведна ацэнены рэвізійнай камісіяй. Вялікая колькасьць аўтарытэтных фронтаўцаў не пагадзілася з такой працэдурай. Гэта найбольш важна — адсутнасьць унутранай легітымнасьці. Ну, а ў тым, што Міністэрства юстыцыі мае заданьне страляць па плошчах, нічога новага няма", — адзначыў Вячорка.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG