Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Незалежнасьці: ад Мытнага кодэксу да гала-канцэрту


У Беларусі ў суботу адбыліся сьвяткаваньні з нагоды Дня Незалежнасьці. Па ўсёй краіне ішлі народныя гуляньні, канцэрты. А кіраўнік краіны пасьля ўскладаньня кветак і сьвяточнага пасланьня пракамэнтаваў некаторыя выказваньні расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Мядзьведзева.

Аляксандар Лукашэнка падчас афіцыйнай цырымоніі на плошчы Перамогі адзначыў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая не вядзе адліку свайго сувэрэнітэту ад падпісаньня дэклярацыі аб ім. У прамове, якая гучала на расейскай мове, ён згадаў і Эўфрасіньню Полацкую, і Грунвальдзкую бітву, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча.

А пасьля журналісты папрасілі Лукашэнку пракамэнтаваць выказваньні Дзьмітрыя Мядзьведзева, які заявіў, што «кіраўніку Беларусі лепш займацца палітычнай падтрымкай Мытнага зьвязу, чым рассылаць лісты ў расейскія СМІ». Іх Мядзьведзеў назваў наагул «спамам».

Лукашэнка ўрэшце прызнаў, што Мытны кодэкс Беларусь ратыфікавала: «Што да Мытнага зьвязу, то вельмі шкада, што прэзыдэнт саюзнай дзяржавы ня ведае, што адбываецца ў Мытным зьвязе. Мушу вам сказаць, што мы ні на ёту не зрабілі кроку назад, ні на мілімэтар не адстаём у Мытным зьвязе ні ад Расеі, ні ад Казазхстану. Мы на сёньняшні дзень ратыфікавалі ўсе дамовы і пагадненьні, якія тычацца Мытнага зьвязу. Але яны гэтага ня ведаюць. Гарантыю вам даю, што ня ведаюць. У адваротным выпадку не было б гэтай балбатні па тэлевізары. Мытны кодэкс мы ратыфікавалі…» — перадае словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Выказаўся кіраўнік дзяржавы і на адрас расейскіх СМІ і Мядзьведзева:

«Вы бачылі ў апошні час жудасную хлусьню наконт таго, што адбывалася па даўгах і гэтак далей. Яны груба фальсыфікуюць, фальшыва, непрафэсійна рэжуць усе выступленьні і робяць з нас ідыётаў. І яны што хацелі? Каб я маўчаў? Не. Гэта па-першае. Па-другое, калі Мядзьведзеў зь нейкіх прычынаў забыўся, што гэта сыстэма зносінаў з элітай палітычнай і ключавымі палітычнымі гульцамі ў беларусаў склалася дзесяцігодзьдзямі, то я яму хачу пра гэта нагадаць… Але раз загаварыў — значыць, укусіла. Ну і дзякуй Богу. Значыць, дайшоў сыгнал мой пра тое, што адбывалася насамрэч».

Аляксандар Лукашэнка ўзяў ўдзел у шэсьці вэтэранаў разам з трыма сынамі: дарослымі Віктарам і Дзьмітрыем і шасьцігадовым Мікалаем.

Увесь дзень у сталіцы паўсюль праходзілі масавыя гуляньні.



Спадарыня: «Музыка добрая, і канцэрт добры. Вось тут побач прычоскі, стрыжкі танныя робяць, і манікюр — усё танна».

Карэспандэнтка: «Два гады таму на канцэрце ля стэлы адбыўся выбух. Ці не палохае, што на такіх масавых мерапрыемствах можа нешта здарыцца?»

Юнак: «Не, думаю, гэта не паўторыцца. Бо тады вялікі пярэпалах быў, захады бясьпекі зробленыя».
Не, не баюся. Я чарку вып’ю і буду слухаць канцэрт.


Карэспандэнтка: «На канцэрт увечары да стэлы зьбіраецеся?»

Спадар: «Так. Абавязкова, а як жа? Так!»

Карэспандэнтка: «А не палохае, што некалі выбух там быў?»

Спадар: «Не, не баюся. Я чарку вып’ю і буду слухаць канцэрт».

Галоўнае мерапрыемства — вялікі гала-канцэрт — адбыўся ўвечары каля стэлы «Менск — горад герой». Сьвяткаваньні праходзілі пры павышаных мерах бясьпекі — месцы гуляньняў агароджаныя турнікетамі, уваход толькі праз мэталадэтэктары і пасьля пільнага агляду. Ахову парадку на сьвяточных мерапрыемствах забясьпечваюць каля 14 тысяч міліцыянтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG