Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве правялі сьвята нацыянальных культур


У Магілёве адбылося сьвята нацыянальных культур «Беларусь — наш агульны дом». У афіцыйных крыніцах, аднак, назва гэтага штогадовага мерапрыемства падаецца выключна па-расейску. Разгорнутая па-над пешаходнай вуліцай Ленінскай расьцяжка пра «Агульны дом» — на расейскай мове.

Расьцяжка па-над вуліцай Ленінскай па-расейску.

На расьцяжках з назвамі падворкаў нацыянальных мяншыняў месца для беларускай мовы не знайшлося. Яны былі на нацыянальных мовах і на расейскай. Больш роднай мовы тытульнай беларускай нацыі было ў афармленьні гандлёвых павільёнаў.

На невялікім адцінку вуліцы Ленінскай свае нацыянальныя падворкі прэзэнтавалі азэрбайджанцы, армяне, габрэі, грузіны, палякі ды расейцы. Кожная зь мяншыняў заваблівала на сваю дзялянку мінакоў нацыянальнымі сьпевамі, стравамі ды атрыбутыкай.

Найбольш людным быў падворак армянаў. Армяне больш сьпявалі й танчылі. Ежы на іх дзялянцы было няшмат. Пляцоўку шчыльна абступала армянская дыяспара. Гутарылі армяне паміж сабой па-свойму. Выступы сваіх артыстаў віталі ўсё па-расейску.

Армянскі падворак.

Габрэі заваблівалі мінакоў на сваю дзялянку, прыбраную нацыянальнымі сьцяжкамі Ізраілю, мацой ды слодычамі. На падворку гучала інструмэнтальная музыка.

Непадалёк ад габрэяў разьмясьціліся ўкраінцы. Іх падворак наведаў старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка. Вялікую групу чыноўнікаў гарадзкой улады ўкраінцы запрасілі ў невялікую стылізаваную мазанку.

Чыноўнікі гарвыканкаму на ўкраінскім падворку.

Прабылі службоўцы там нядоўга. Ці застаўся Барадаўка задаволены ўкраінцамі, невядома. З мазанкі ён выйшаў, аднак, адным з апошніх.

Старшыня гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка. З мазанкі выйшаў адным з апошніх.

Грузінскі падворак быў сьціплым. Тут танчылі, сьпявалі. Гатавалі шашлыкі. Вабіў да сябе сьцяг Грузіі. Забароненая ў Беларусі колеравая гама грэла душу.


Палякі таксама танчылі ды сьпявалі. Праводзілі віктарыны. У вочы, аднак, кідаўся на польскім падворку далёка ня польскі сымбаль — чырвоны кумач з выявай правадыра сусьветнага пралетарыяту. Побач гандлявалі антыкварыятам — самаварамі.

Ня польскія сымбалі на польскім падворку.

Польскі падворак межаваў з расейскім. Расейцы апанавалі пляцоўку перад мастацкім музэем імя Бялыніцкага-Бірулі. Пры канцы XVIII стагодзьдзя ў гэтым будынку падчас сустрэчы з расейскай імпэратрыцай Кацярынай II жыў імпэратар аўстрыйскі Ёзэф II. Расейцы частавалі сваіх наведнікаў напоем з пахам гарэлкі, на заедзь давалі сала, хлеб ды салёныя гуркі. Напітак разьлівалі нібыта з самавара.

Расейцы разьлівалі напой з пахам гарэлкі з самавара.

На заедзь прапаноўвалі сала, хлеб ды салёныя гуркі.

Сіратліва выглядаў падворак азэрбайджанцаў. Ім адвялі дзялянку ўдалечыні ад месца асноўных гуляньняў. Наведнікаў на падворку было няшмат.

Сьціплы падворак азэрбайджанцаў.

Нацыянальную культуру беларусаў прадстаўлялі на пляцоўцы перад кінатэатрам «Радзіма» самадзейныя фальклёрныя й танцавальныя калектывы. Танцавальную пляцоўку адгарадзілі ад людзей засьцерагальнымі чырвонымі стужкамі: «Міліцыя. Праход забаронены». Міліцыянтаў на плошчы Зорак, як яшчэ называюць пляц перад кінатэатрам, традыцыйна было багата. Шмат было й сьмецяроў.

Беларусы танчылі на агароджанай міліцэйскімі засьцерагальнымі стужкамі пляцоўцы.

Сьпявалі беларусы каля «Радзімы».

Стравай міжнацыянальных зносінаў быў магілёўскі шашлык.

Сьмецьцяры напагатове.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG