Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тульпаны на дарожку


Галяндцы Рабэн ды Снэйдэр супраць бразыльца Дані Алвэша. Галяндыя — Бразылія 2:1.

Галяндцы Рабэн ды Снэйдэр супраць бразыльца Дані Алвэша. Галяндыя — Бразылія 2:1.


Галяндыя ніколі не выйгравала чэмпіянат сьвету, хаця двойчы гуляла ў фінале — у 1974 і 1978. І вось да трэцяга ў гісторыі заходу на чэмпіёнскую пасадку засталося пераадолець зону ўругвайскай турбулентнасьці.

Бразылія, канечне, была фаварытам. Бразылія пачала гульню як фаварыт. Бразылія ўжо на 10-й хвіліне адкрыла лік у матчы і працягвала атакаваць. Галяндзкая абарона патрэсквала, атакі ўвогуле не было. Бразыльцы пачуваліся камфортна. Яны не прывыклі да цяжкасьцяў: напярэдадні чвэрцьфінальнай сутычкі з хлопцамі Бэрта ван Марвійка на чэмпіянаце ў іх не было няпростых матчаў. На клясе перайгралі паўночных карэйцаў, івуарыйцаў, бяз нэрваў расьпісалі нічыйку з партугальцамі, а пасьля ў 1/8 фіналу салідна разабраліся з Чылі.

А пасьля перапынку ў пяціразовых чэмпіёнаў сьвету справы пайшлі кепска. Ніхто з бразыльскіх гульцоў не вінаваты — такое здараецца. Вінаватым можна зрабіць толькі трэнэра Дунгу: ён ня ўзяў на чэмпіянат гульца, які ў такія цяжкія хвіліны можа атрымаць мяч, зрабіць пару нерэальных фінтоў ды забіць гол. Раналдыньё.

Абаронца зборнай Бразыліі Філіпэ Мэла падразае мяч ва ўласныя вароты.

Галяндцы перамаглі галавой ва ўсіх сэнсах. Галавой бразыльскага абронцы Філіпэ Мэла, які падрэзаў мяч ва ўласныя вароты, а пасьля нізавошта ўдарыў нагой Рабэна ды атрымаў чырвоную картку. Сьветлавалосай галавой Каўта-Кюйта, які падправіў мяч на лысіну Снэйдэра. Нідэрлянды апынуліся больш падрыхтаванымі да цяжкага двубою, а бразыльцы выйшлі згуляць чарговы камфортны матч.

Паўфінал супраць Уругваю зборная Краіны тульпанаў выйграе — уругвайцы зацятыя, але занадта шмат правалаў у абароне было відно нават у гульці супраць Ганы. Шалёны фарт Дыега Фарляна ды кампаніі павінен скончыцца. А Гану сапраўды шкада — яна была годная паўфіналу, проста крыху не хапіла той самай халоднай галавы, каб забіць пераможны гол з пэнальці. На апошніх сэкундах дадатковага часу. Перад вачыма Гьяна ў той момант, калі ён біў па мячы, ужо стаяў не ўругвайскі брамнік Мусьлера, а стаяла ўся Афрыка, якая бегла абдымаць яго — героя Гьяна. Удар. Перакладзіна. Сьвісток. Сэрыя пэнальці. Гьян зноў ля мяча. Забівае. Марна. Мусьлера робіць два сэйвы. Уругвай у паўфінале.

Ганцам проста не пашанцавала. Адзін зь няўдачнікаў сэрыі пэнальці Стэфан Апія.

Уругвай у паўфінале чэмпіянату сьвету ўпершыню за 40 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG