Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выправіцца ў падарожжа, не сыходзячы зь месца? Няма нічога прасьцейшага. Праўда, дзеля гэтага пад рукой трэба мець кампутар з падключэньнем да інтэрнэту. Але адмыслоўцы папярэджваюць: калі іншыя краіны з вышыні арбіты спадарожніка раскрываюцца ў сваім найлепшым выглядзе, то на Беларусі па-ранейшаму нямала «белых плямаў». А гэта, натуральна, не ўпрыгожвае цэнтар Эўропы.

Да мінулага году Беларусь на кампутарных мапах была прадстаўленая пераважна ў выглядзе спадарожнікавых выяваў без дэталізацыі і пэўных пазначэньняў аб’ектаў. Аднак паступова прагрэс прыйшоў і ў віртуальную прастору: цяпер на інтэрнэт-мапе можна разгледзець як цэлы рэгіён сьвету, так і асобна ўзятыя краіну, горад, вуліцу, дом.

Летась у жніўні інтэрнэт-гігант Google двойчы парадаваў беларусаў: даў старт беларускаму «Картографу» (Google Mapmaker), а сярод моваў онлайнавага перакладчыка (Google Translate) зьявілася беларуская. Акрэсьленая мэта — паляпшэньне працы бясплатнага сэрвісу мапаў для карыстальнікаў у Беларусі. Інжынэр-праграміст Ігар Маханёк, які працуе ў швэйцарскім офісе кампаніі Google, праз свой блог заклікае карыстальнікаў масава ўдзельнічаць у ліквідацыі «белых плямаў» над сваёй радзімай, даючы пэўныя рэкамэндацыі валянтэрам. Ці сапраўды Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі ня самая «акультураная»?

— Эўрапейскія краіны таксама розныя ёсьць. Але на тле суседзяў заўважна, што сапраўды ў нас менш актыўнасьці ў інтэрнэце. У першую чаргу — глябальна. І як вынік гэтага — мапы ў інтэрнэце ў нас не такія разьвітыя.

— Самадзейнымі мэтадамі можна зрабіць дасканалую працу?

— Можна. Усё залежыць ад колькасьці людзей, якія будуць у ёй удзельнічаць. Ёсьць шматлікія прыклады краінаў, дзе вырашае якраз колькасьць. Напрыклад, калі вы зойдзеце на maps.google.com і знойдзеце там Румынію, то можаце ў гэтым пераканацца. Румынія была адкрытая, каб удзельнікі маглі рэдагаваць, у той жа дзень, што і Беларусь. То бок да аднаго і таго ж дня яна была настолькі ж пустая, абсалютна, такі ж быў стартавы пачатак. Але зараз, калі вы паглядзіце на Бухарэст, то там практычна ўсё ідэальна! Таксама больш-менш прадстаўленыя і астатнія гарады Румыніі. У цэлым атрымліваецца, што лякальныя карыстальнікі інтэрнэту вырашылі праблему амаль цалкам. Калі пабачыце, напрыклад, Індыю (хоць Індыя была адкрыта крыху раней, але гэта агромністая краіна па памерах), дык там мапа таксама ідэальная. А яна таксама створаная перадусім валянтэрамі ў інтэрнэце.

— То бок ёсьць на каго арыентавацца ў гэтай справе...

— Ёсьць. Толькі дзеля гэтага патрэбна, у першую чаргу, каб больш людзей у Беларусі карысталіся інтэрнэтам.
На жаль, пакуль што далёка ня кожны мае да сеціва сталы доступ.
На жаль, пакуль што далёка ня кожны мае да сеціва сталы доступ.

Пасьля запуску «картографа» беларускія карыстальнікі атрымалі магчымасьць ня толькі глядзець глябальна, але і лякалізоўваць — дадаваць вуліцы і будынкі пры дапамозе здымкаў са спадарожніка. Прынамсі, Менск на мапах Google мае ўжо бальшыню вуліц і культурных аб’ектаў, павялічылася іх колькасьць і ў іншых рэгіёнах. Краіна ўжо не выглядае як закінутая тэрыторыя, тут паказаныя асноўныя паселішчы, дарогі. Штодзень інфармацыйная база папаўняецца: цяпер кожны сам можа пазначыць дом ці вуліцу, і пасьля праверкі гэта зьявіцца ў агульным доступе. Некаторыя юзэры зрабілі больш за тысячу правак.

Праграміст Аляксей Сакалоў расказвае пра самыя папулярныя, зь яго гледзішча, рэсурсы з функцыяй кампутарнай мапы, асыміляваныя пад Беларусь:

«Maps.yandex.ru. Нічога асаблівага, усё абмяжоўваецца назвамі гарадоў, краінаў, вуліцамі. Maps.google.ru (калі ru — расейскамоўны інтэрфэйс, соm — ангельскі). Гэтым, праўда, больш нават ня Google займаецца, а карыстальнікі. Інфармацыю ўвесь час дадаюць — ёсьць функцыя рэдагаваньня, з дапамогай якой можна дадаваць назвы. TUT.by паўтарае тэхналёгіі Google, але мапа пакуль ахоплівае толькі Менск. Ёсьць даволі добрая мапа maps.interfax.by. Наколькі разумею, яны самі шмат дадаюць. Там больш за ўсё вуліц, нават з нумарамі дамоў, транспарт і г.д. Можна два разы клікаць, павялічваць, глядзець. Больш-менш інфармацыя ёсьць, адзінае, што мапа ахоплівае толькі Менск і Горадню. Яшчэ — OpenStreetMap.org. Вельмі шмат мапаў розных краінаў, ёсьць большыя гарады Беларусі з вуліцамі і дамамі. Збольшага, паводле насычанасьці, яна падобная да maps.interfax.by».

Праўда, Аляксей Сакалоў лічыць, што ў імправізаваным рэйтынгу Google яшчэ саступае канкурэнтам:

«Я б разьмеркаваў так: OpenStreetMap.org — на першае месца, maps.interfax.by — другое, Google — трэцяе, і на наступных пазыцыях TUT.by і Yandex — ужо больш звычайныя. Думаю, што ў хуткім часе вельмі істотны прагрэс будзе ў Google. Асабіста ў мяне шмат сяброў, якія самі практычна штодня дадаюць інфармацыю. Яшчэ крыху — і на Google будзе ўсё, што нам неабходна. Тым больш што менавіта яны прыдумалі гэтую тэхналёгію — два рызы клікаеш, зьяўляецца мапа. Гэта адназначна Google першы распачаў».

Цікаўлюся ў аднаго з удзельнікаў праекту OpenStreetMap.org Яўгена Харужага: што замінае стварыць ідэальную віртуальную мапу Беларусі?

— Увогуле перашкаджае заканадаўства ў галіне капірайту.
Уся нашая дзейнасьць практычна супрацьзаконная — я маю на ўвазе ўвогуле магчымасьць стварэньня «альтэрнатыўнай» мапы.
То бок, мы ня маем права выкарыстоўваць тыя картаграфічныя матэрыялы, якія ёсьць. Больш за тое, уся нашая дзейнасьць практычна супрацьзаконная — я маю на ўвазе ўвогуле магчымасьць стварэньня «альтэрнатыўнай» мапы. Таксама, напэўна, не хапае ўдзельнікаў. Таму што ў OpenStreetMap вельмі мала сэрвісаў, якія былі б карысныя звычайнаму карыстальніку. Проста мапа ёсьць, але ж калі ты хочаш нешта паказаць на гэтай мапе, нейкі маршрут намаляваць, некалькі аб’ектаў расставіць і потым спасылку кінуць каму-небудзь, то гэтага зараз няма. Нешта ёсьць на адным сайце, які выкарыстоўвае OpenStreetMap, нешта на другім, але ж няма такога, каб усё адразу. Затое OpenStreetMap можна выкарыстоўваць у розных GPS-навігатарах, і гэта вельмі вялікі яе плюс.

А ці не баяцца кампутарнага нашэсьця прадстаўнікі афіцыйнай картаграфіі? Ці не перакачуюць на склад папяровыя мапы, калі ў агляднай будучыні кожны зможа знайсьці сабе нашмат больш мабільны варыянт інтэрнэт-гіда? Пытаюся пра гэта ў кіраўніка ўнітарнага прадпрыемства «Белгеадэзія» Ўладзімера Хрусталёва:

«Вы маеце на ўвазе аналягавыя мапы? Ну канечне, яны застануцца! Ня ўсюды ж з сабой манітор возьмеш і кампутар, правільна? А карту аналягавую можна выкарыстоўваць дзе заўгодна. Таму натуральна, што звыклыя мапы застануцца. Дый я ня думаю, што гэта нашы канкурэнты, у іх крыху іншыя мэты. Да таго ж нельга не заўважыць, што многія кампутарныя мапы яшчэ досыць сырыя, таму што для гэтага патрэбная вялікая праца. Пакуль гэта, так бы мовіць, розныя галіны разьвіцьця. Нашы задачы і мэты пакуль што адрозьніваюцца ад іхных. Гэта наш, так бы мовіць, пабочны прадукт».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG