Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што чакае беларускі інтэрнэт пасьля 1 ліпеня?


1 ліпеня ў Беларусі набыў моц прэзыдэнцкі ўказ № 60 аб рэгуляваньні інтэрнэту. Якія наступствы ён будзе мець? Якія складанасьці чакаюць карыстальнікаў? Чаму ўладальнікі сайтаў не сьпяшаюцца рэгістравацца ў Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі?


Удзельнікі: каардынатар сайту «Generation by» Юрый Сідун і экспэрт у галіне IT Аляксей Чарняеў.

Якія складанасьці чакаюць карыстальнікаў?


Валер Карбалевіч: «Пасьля выданьня прэзыдэнцкага ўказу № 60 „Аб мерах дзеля ўдасканаленьня выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт“ было шмат разважаньняў наконт таго, якія наступствы гэта можа мець. Пасьля зьявіліся адпаведныя ўрадавыя пастановы. І вось з 1 ліпеня ўказ і пастановы пачалі дзейнічаць. Якія нязручнасьці чакаюць шараговых карыстальнікаў? Якія небясьпекі для іх зьяўляюцца цяпер?»

Юрый Сідун: «Для шараговых карыстальнікаў гэты ўказ пакуль застаўся малазаўважным. Заўважылі толькі тыя, хто спрабаваў карыстацца інтэрнэт-кавярнямі. Там ад іх патрабуюць дакумэнтаў. Асноўная аўдыторыя інтэрнэт-кавярняў — гэта студэнты. Але яны ўжо разьехаліся на лета. Хвалі абурэньня няма. Пра гэта сьведчыць колькасьць удзельнікаў акцый пратэсту супраць гэтага ўказу».
Калі зьявяцца прэцэдэнты перасьледу за выказваньне думак на інтэрнэт-форумах, тады будзе эфэкт.


Аляксей Чарняеў: «Указ утрымлівае шмат няяснасьцяў. Таму нават адмыслоўцы ня ведаюць, якія могуць быць наступствы. Ня думаю, што ўказ паўплывае неяк на ўдзельнікаў форумаў. Каб ажыцьцявіць псыхалягічны ціск на інтэрнэт-супольнасьць, улады мусяць правесьці нейкія карныя акцыі. Калі зьявяцца прэцэдэнты перасьледу за выказваньне думак на інтэрнэт-форумах, тады будзе эфэкт».

Карбалевіч: «Вось заведзена крымінальная справа па факце камэнтара да артыкула на сайце «Хартыі».

Праблемы рэгістрацыі


Карбалевіч: «Да 1 ліпеня ўсе суб’екты гаспадараньня, якія рэалізуюць у Беларусі тавары і паслугі праз інтэрнэт, абавязаныя выкарыстоўваць толькі інфармацыйныя сыстэмы і сеткі нацыянальнага сэгмэнту — то бок разьмешчаныя на тэрыторыі краіны. Да 1 ліпеня ўсе рэсурсы неабходна было зарэгістраваць у Дзяржаўнай інспэкцыі электрасувязі. Аднак зарэгістравалася няшмат рэсурсаў. Чаму? Гэта нявыгадна, нязручна ці якія іншыя прычыны?»

Сідун: «Па-першае, незразумела, якая адказнасьць за нерэгістрацыю. Па-другое, незразумела, навошта гэта рабіць. Многія думаюць перавесьці свой рэсурс за мяжу. Усе чакаюць.

Пра тое, што ўказ непрадуманы, сьведчыць той факт, што не зарэгістраваліся нават сайты міністэрстваў. Нездарма па ходу многія палажэньні былі спрошчаныя. Няма праграмнага забесьпячэньня, якое б аўтаматызавала масавую рэгістрацыю сайтаў. Думаю, праз 1-2 месяцы, калі ўлады ўбачаць, што большасьць рэсурсаў незарэгістраваныя, яны будуць вымушаны трохі адступіць ад сваіх патрабаваньняў».

Чарняеў: «Гэта нявыгадна, нязручна і незразумела. Выкананьне закону дзяржаўнымі ўстановамі — абавязковае толькі ў прававой дзяржаве. Таму кіраўнікі прадпрыемстваў і міністэрстваў пакуль і не хвалююцца. Іх перасьледаваць ніхто ня будзе.

Ня думаю, што ўлады пойдуць на нейкія паслабленьні, таму ня згодзен зь Юрыем у гэтым сэнсе. Можна правесьці паралель з сумна вядомым артыкулам 193 Крымінальнага кодэксу — пра пакараньне за дзейнасьць незарэгістраванай арганізацыі. Гэты артыкул выкарыстоўваўся выбарачна, толькі некалькі разоў, супраць апазыцыі. Думаю, указ пра інтэрнэт таксама будзе выкарыстоўвацца выбарачна».

Ці дасягнуў указ сваёй мэты?


Карбалевіч: «Навошта ўвогуле быў патрэбен гэты ўказ? Якія яго мэты? Ці дасягнутыя яны?

Сідун:
Указ прамацвае глебу, як грамадзтва зрэагуе на спробу дзяржавы кантраляваць інтэрнэт.
«Доўгі час дзяржава ігнаравала інтэрнэт. Цяпер ігнараваць немагчыма. Указ прамацвае глебу, як грамадзтва зрэагуе на спробу дзяржавы кантраляваць інтэрнэт. Для чыноўнікаў гэтая сфэра вельмі складаная, разьбіраюцца ў ёй няшмат людзей. Таму прымаюцца ўказ, пастановы ўраду, якія ў шмат якіх момантах невыканальныя».

Чарняеў: «Доўгатэрміновая мэта гэтага ўказу — імкненьне ўладаў стварыць свой маленькі дзяржаўны інтэрнэт, каб да кожнага сайту фізычна хутка маглі б дайсьці некалькі амапаўцаў. Чыноўнікі імкнуцца мець пад кантролем усё. Для іх непрыемна і непрымальна, што інтэрнэт ня мае межаў, сайты могуць стварацца за мяжой. Таму яны імкнуцца выцягнуць сайты на тэрыторыю Беларусі, пад юрысдыкцыю беларускага заканадаўства. Але посьпехаў улады не даб’юцца. Пра гэта сьведчыць досьвед Ірану. Канечне, будуць караць нейкіх людзей, апазыцыйныя арганізацыі. Але глябальная мэта стварэньня падкантрольнага інтэрнэту ня будзе дасягнутая».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG