Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзявятае па ліку судовае паседжаньне, ініцыяванае мясцовым сябрам Партыі БНФ Аляксандрам Мехам, прайшло ў Кобрынскім судзе. Справа цягнецца з верасьня мінулага году. Падчас правядзеньня «Дажынак» партыйца затрымалі міліцыянты. Спадар Мех просіць прызнаць незаконным затрыманьне па ананімным тэлефанаваньні і запатрабаваць з пракуратуры Кобрынскага раёну матэрыялы праверкі па яго заяве.

Тады дэмакратычны актывіст быў затрыманы супрацоўнікамі Кобрынскага РАУС паводле падазрэньня, што ён нібыта мае наркотыкі і зброю. Меха даставілі ў аддзел міліцыі, абшукалі і, нічога не знайшоўшы, праз 3,5 гадзіны адпусьцілі. Ананімнага дэзынфараматара так і не знайшлі.

Паводле актывіста партыі, сёньня судовая сыстэма ня можа вынесьці рашэньне на яго карысьць. Тым ня менш, за мэту Аляксандар Мех ставіць збор зьвестак пра несправядлівыя прысуды, фіксаваньне гэтых рашэньняў ў дакумэнтах. Сёньня падчас судовага паседжаньня у якасьці сьведкі па патрабаваньні Меха быў выкліканы супрацоўнік КДБ, які адказваў на пытаньні партыйца.

Дзявятае па ліку судовае паседжаньне не апошняе. Паводле патрабаваньняў Меха, адным са сьведкаў павінен быць і былы начальнік кобрынскай міліцыі, які цяпер працуе ў Менску. На гэтае паседжаньне міліцыянт ня змог прыехаць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG