Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень незалежнасьці ў шпіталях Менску зарэзэрвавана 530 ложкаў


У Беларусі пачаліся мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня незалежнасьці 3 ліпеня. Сёньня — урачыстая цырымонія пахаваньня парэштак невядомых салдат у крыпце храма-помніка Ўсіх Сьвятых з удзелам кіраўніка дзяржавы, у суботу — шэсьце вэтэранаў, масавыя гуляньні і традыцыйны вялікі канцэрт каля стэлы «Менск — горад-герой». Міліцыя пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, у МУС створаны сытуацыйна-апэратыўны штаб.

Ахову парадку на сьвяточных мерапрыемствах будуць забясьпечваць больш за 14 тысяч міліцыянтаў. На выпадак непрадбачаных абставін сфармаваныя рэзэрвы. Тэрыторыю, дзе плянуецца праводзіць урачыстасьці, агародзяць мабільнымі турнікетамі, перад запускам гледачоў яе абсьледуюць сапёрна-піратэхнічныя групы, уваход — толькі праз кантрольна-прапускныя пункты з мэталадэтэктарамі. Кіраўнік прэс-службы Упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі тлумачыць, чым выкліканыя такія захады бясьпекі:

«Выбух 2008 году дагэтуль не раскрыты. Ад міліцыі патрабуецца 100% увагі, скаардынаванасьці, прыцягненьня ўсіх сіл і магчымасьцяў. Што да забароны колюча-рэжучых прадметаў: калі гэта нават манікюрныя нажнічкі, навошта яны з сабой пры вялікім зграмаджэньні людзей? Вялікаму буйнагабарытнаму прадмету таксама ня месца на сьвяце. Наконт напояў, прадуктаў — таксама з сабой браць іх ня варта, таму што будзе арганізаваны гандаль».

Са звычайнымі фотаапаратамі кшталту «мыльніцаў» прапускаць будуць, а вось з прафэсійнай фота- і відэатэхнікай — толькі з акрэдытацыяй. Ня будуць прапускаць і нецьвярозых. Былы супрацоўнік спэцслужбаў Валер Костка гэтак ацаніў прычыны надзвычайных захадаў бясьпекі:

«Па-першае, на памяці два гады таму выбух, які да гэтага часу так і не раскрыты. Па-другое, наперадзе выбары. Унутры ў нас няма ніякіх падставаў, каб хвалявацца, што тут нейкія экстрэмісцкія групы дзейнічаюць. Магчыма, у гэтых органаў ёсьць нейкая інфармацыя, што нешта звонку рыхтуецца…
Магчыма, у гэтых органаў ёсьць нейкая інфармацыя, што нешта звонку рыхтуецца…
Альбо проста нейкі нэрвозны псыхоз наконт бясьпекі — вось тры варыянты».

Для экстраных сытуацый у васьмі клініках Менску зарэзэрвавана 530 ложкаў. У месцах правядзеньня масавых мерапрыемстваў будуць знаходзіцца 47 брыгад хуткай дапамогі, 50 брыгад — у рэзэрве. 449 мэдыкаў будуць задзейнічаныя на сьвяточных мерапрыемствах. У стане павышанай гатовасьці — МНС. Кіраўнік прэс-службы Упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі кажа, што да ўсяго трэба быць падрыхтаваным:

«Пасьля выбуху да гэтага Дня незалежнасьці міліцыя падышла ўжо з адноўленымі сіламі, з досьведам, з новымі ведамі і ўменьнем. Зараз міліцыя стала ўжо зусім іншай, я вас запэўніваю, у параўнаньні з тым, якімі мы былі тады. Зараз ужо міліцыя ўмее дзейнічаць у крытычных сытуацыях. Ня дай Бог, канечне, але міліцыя зможа прадухіліць».

Валер Костка лічыць, што напружанасьць наганяецца штучна:

«Самі сябе пужаюць, самі нагнятаюць. Ну і плюс — стварыць уражаньне, быццам бы патрэба ў гэтых службах такая велізарная. Ім жа трэба неяк апраўдаць сваё існаваньне. Усё гэта, хутчэй за ўсё, ад нейкага ўнутранага напружаньня наверсе. Усё гэта — захады, неадэкватныя той рэальнай сытуацыі, якая існуе. Самі нагнятаюць страх і самі зь ім змагаюцца».

У пятніцу поўна ўвечары з удзелам кіраўніка дзяржавы ў храме Ўсіх Сьвятых адбудзецца перазахаваньне парэштак невядомых салдат, якія загінулі на Айчыннай вайне 1812 году, на першай і другой Усясьветных войнах. Ужо некалькі вечароў праходзяць рэпэтыцыі цырымоніі з удзелам жаўнераў, тэхнікі. І жыхары мікрараёнаў Усход і Ўручча ня могуць даехаць дадому — рух транспарту зьменены, ад гарматных залпаў спрацоўвае сыгналізацыя аўтамабіляў…

XS
SM
MD
LG