Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям». Мацьвея 5:13

20 год назад усе палітычна сьвядомыя грамадзяне Савецкага Саюзу прыліплі да блакітных экранаў — заўзець. Бо ў тыя далёкія наіўныя часы падзеі дзяржаўнага ўзроўню — усялякія там зьезды, канфэрэнцыі, парлямэнцкія сэсіі — былі ў цэнтры народнай увагі… ну, як цяперака чэмпіянат сьвету па футболе. 2 ліпеня 1990 году пачаўся апошні чэмпіянат Саюзу па камунізьме.

Вялізарны маларухомы бамбіза — КПСС — выйшаў на поле, каб самому сабе паназабіваць галоў. Толькі што, у сакавіку, быў скасаваны 6-ы артыкул Канстытуцыі, ішлі размовы аб шматпартыйнасьці, нават аб перайменаваньні кіраўнічай партыі ў нешта з пароды «дэмакратычнага сацыялізму» або «цэнтралізму»… Шахцёр Блудаў наўпрост з трыбуны прапанаваў прагаласаваць за адстаўку ўсяго ЦК — разгублены генсек Гарбачоў па-прароцку прамармытаў: «Да гэтага пытаньня мы яшчэ вернемся»…

Чаго мы, цнатлівыя вуаерысты, чакалі ад гэтага бессэнсоўна-ўрачыстага дзейства, ад агромністага бязглуздага цела партыі, якое заўсёды гуляецца само з сабой? Нам карцела пабачыць самагубства партыі — толькі публічнае харакіры магло выратаваць яе гонар пасьля колькі дзясяткаў гадоў антыэстэтычнага кіраваньня. Маякоўскі летуцеў аб сьвяткаваньні сотых угодкаў Кастрычніцкай рэвалюцыі сумесна з марсіянамі; мы, нашчадкі, мусілі б здавацца яму тымі іншаплянэтнікамі. Бо позірк наш стаміўся ад чырвона-залатой бізантыйскай гамы, сэрцы нашыя прагнулі аднаго: «давайце разьвітаемся без драматызму».

Але высьветлілася, што партыя была недастаткова мужная. Прагнула жыцьця, улады, нават, павагі. Гарбачоў зьдзівіў усіх, калі абвясьціў, што ён «за кіраўнічы тып партыі — не за парлямэнцкі». І гэта была амаль адзінюткая ягоная прамова зь нейкімі ўцямнымі, больш-менш канкрэтнымі фармулёўкамі. Астатняе — агромністая пустэча. Надзьмутая гэтай пустэчаю, покнулася КПСС праз год. Яна хісталася ўва ўсе бакі, спадзеючыся і захаваць свае прывілеі, і спадабацца народу, і зьберагчы годны выгляд. Нібы чырвоная ануча перад пысаю разьюшанага бугая.

Фэнамэнальнае фіяска КПСС . Досьвед гэты скарысталі ў шмат якіх дзяржавах: захоўваючы, зьнішчаючы, перафарбоўваючы ўласны «камунізм». А нашая краіна, дзе адбываўся самы першы зьезд тае партыі, увогуле мае зь ёй нейкія містычныя стасункі. Яна, дакладней, яе апошні подых — перадсьмяротная пустэча — быццам у нашым паветры лунае. Вядома, што яшчэ кагадзе тут былі дзьве кампартыі: абедзьве ніякім бокам не пры ўладзе, супрацьлеглыя… як два нулі на шалях. У чым розьніца паміж іхнымі ідэаламі і, далей, паміж сумаю тых ідэалаў ды ідэалам афіцыёзным, зь якім адна намагалася пазмагацца, іншая — спрабавала супрацоўнічаць? У 2003-м годзе на «ідэалягічнай» канфэрэнцыі кіраўнік дзяржавы нават парупіўся вынайсьці ўласны панятак для «камунізму», каб замацаваць яго часткаю найноўшай дзяржаўнай ідэі. …Ды выйшла нешта бязгучнае, няўцямнае: тут і патрыятызм, і канкурэнцыя, і ўсе-ўсе-ўсе. Зноў найшырэйшы Бурыданаў выбар.

Але худоба пайшла спакайнейшая. Наша цудоўная Тутэйшыня ўсё больш становіцца падобнай да краіны, пра якую марыў буйны расейскі фантаст 90-х Вячаслаў Рыбакоў у аповесьці «Гравілёт Цэсарэвіч». Пісьменьнік уявіў грамадзтва, дзе ўсе канфэсіі — нават палітычныя — хаця й піхаюцца бакамі, але робяць нешта неасэнсавана агульнае. Нават уважлівыя маскоўскія госьці ў Менску заўважаюць: «Выглядае на тое, што ў вас хутка ўсё ўладкуецца такім чынам, што камуністы будуць дбаць пра справядлівасьць, фашысты — пра здаровы лад жыцьця й гістарычную памяць, лібэралы — пра асобныя вольнасьці й дабрабыт, анархісты — пра сардэчнае таварыства й жывёлаў». Да гэтакай паўсоннай ідыліі, зразумела, пакуль вельмі далёка. Але ж у паветры адчуваецца подых КПСС застойных часоў… опіюму для ўраду.

XS
SM
MD
LG