Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызначаны суд аб ліквідацыі "Гавары праўду"


Прызначана судовае паседжаньне паводле пазову аб ліквідацыі адукацыйнай установы "Рух наперад", у рамках якой дзейнічае праграма "Гавары праўду". Між тым арганізацыі дагэтуль не вярнулі ўстаноўчыя дакумэнты, а актывістам "Гавары праўду" не аддалі асабістыя рэчы і грошы.

На 7 ліпеня ў Менскім гарадзкім гаспадарчым судзе прызначанае паседжаньне паводле пазову Менгарвыканкаму аб ліквідацыі адукацыйнай установы "Рух наперад". Менгарвыканкам дамагаецца яе ліквідацыі на той падставе, што нібыта "Рух наперад" пры рэгістрацыі пазначыў недакладны юрыдычны адрас.

Прадстаўнікі арганізацыі з гэтым нязгодныя і кажуць аб палітычных прычынах ціску. Намесьнік дырэктара ўстановы "Рух наперад" Ніна Пахлопка згадвае, што 10 чэрвеня падчас папярэдняга слуханьня судзьдзя Андрэй Аляшкевіч задаволіў хадайніцтва "Руху наперад" аб прадстаўленьні статутных дакумэнтаў, якія засталіся ў іх офісе, які дагэтуль апячатаны міліцыянтамі Ленінскага РАУС.
Бяз доступу ў офіс мы ня можам падрыхтаваць дакумэнты, якія патрэбныя ў судзе


"Такім чынам, бяз доступу ў офіс мы ня можам падрыхтаваць дакумэнты, якія патрэбныя ў судзе. Сьледчыя месяц абяцаюць зьняць плёмбы зь дзьвярэй офісу, але кожны раз нешта нібыта не атрымліваецца", — паведаміла "Свабодзе" Ніна Пахлопка:

"Я мела гонар сустракацца з начальнікам адзела папярэдняга расьсьледаваньня Сукалам Анатолем Мікалаевічам, які мне паабяцаў, што сёньня адкрыюць офіс і дадуць нам пячатку і ўстаноўчыя дакумэнты. Але сёньня ўжо сказаў, што да яго прыяжджае нехта якраз па нашай справе і ён нічога ня можа для нас зрабіць. На гэта я заўважыла, што мы ня зможам абараняцца ў гаспадарчым судзе. А ён кажа: ну і што, у гэтым ня вы ж вінаватыя?"

Ніна Пахлопка не выключае, што ўстаноўчыя дакумэнты "Руху наперад" не выдаюць адмыслова, каб потым залічыць няяўку адказьніка ў суд і вырашыць справу на карысьць Менгарвыканкаму.

10-га чэрвеня на папярэднім паседжаньні суду прадстаўніца ўправы юстыцыі Менгарвыканкаму Эмілія Пазьняк пацьвердзіла прэтэнзіі да "Руху наперад" адносна недакладных зьвестак, але пры гэтым не змагла пэўна патлумачыць суду, у чым дакладна вінаватая арганізацыя. Даць камэнтар для "Свабоды" Эмілія Пазьняк адмовілася.

18 траўня ў офісе "Руху наперад", дзе месьціцца штаб кампаніі "Гавары праўду", а таксама на кватэрах больш як 20 актывістаў прайшлі ператрусы паводле крымінальнай справы аб паведамленьні непраўдзівых зьвестак адносна тавараў і паслугаў. Пасьля ператрусаў у актывістаў "Гавары праўду" забралі асабістыя грошы, кампутары, аргтэхніку. Сьледчыя зь Ленінскага райаддзелу міліцыі Менску, якія вядуць справу, нічога не камэнтуюць і адмаўляюцца паведаміць, калі вернуць грошы і кампутары актывістам. Ніна Пахлопка кажа, што дагэтуль нікому нічога не вярнулі, у тым ліку і ёй:

"Паўтара месяца мінула, але ж не вядзецца ніякіх сьледчых дзеяньняў. Нікога не выклікалі ні ў якім статусе, нікому нічога не вярнулі. Ніякіх няма зрухаў".

Актывісты кампаніі "Гавары праўду" працягваюць дзейнічаць з асабістай ініцыятывы. Юрась Алейнік паведаміў "Свабодзе", што, 3 ліпеня людзі зьбяруцца каля Вайсковых могілак, каб ускласьці кветкі на магілы выбітных людзей, якія шмат зрабілі дзеля Беларусі:

"Канечне, ёсьць сымбалічныя месцы, як плошча Перамогі, на якую ўсе нясуць кветкі. Але на плошчы Перамогі, акрамя Вечнага агню і помніка, нічога няма. А вось у такіх месцах, як Вайсковыя могілкі, шмат пахаваньняў, і яны, на нашу думку, недастаткова шануюцца, як таго заслугоўваюць. Таму мы ідзем туды з кветкамі".

Каб ускласьці кветкі на Вайсковых могілках, людзі зьбяруцца аб 11-й гадзіне раніцы.

18 траўня міліцыянты арыштавалі на тры дні дырэктара ўстановы "Рух наперад", вядомага паэта Ўладзімера Някляева, а таксама актывістаў кампаніі "Гавары праўду" журналістаў Сяргея Вазьняка і Андрэя Дзьмітрыева. На допытах, а таксама пасьля вызваленьня ім так і ня выставілі ніякіх пэўных абвінавачаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG