Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго ж у выніку "нагрэлі" з газам?


Калі пачатак сёлетняй беларуска-расейскай газавай вайны быў "мутны", то пастаўленая ў ім кропка нібыта адмыслова накіраваная на тое, каб адбіць у нармальнага чалавека любую ахвоту ўнікнуць у энэргетычна-фінансавыя дэталі. Зрэшты, у тым, што зроблена гэта было адмыслова, сумневаў якраз мала.

Што ж насамрэч азначае згода “Газпрому” на падвышэньне транзытнай стаўкі? Ці азначае гэта перамогу Аляксандра Лукашэнкі і выкрыцьцё "крывадушнасьці" папярэдніх аргумэнтаў Масквы?

Разьбярэмся ад пачатку.

Адкуль узялася транзытная запазычанасьць?


Запазычанасьці "Газпрому" не было
“Газпром” не плаціў за транзыт ад лістапада мінулага году ў сувязі са спробамі штукарства зь беларускага боку. Спачатку “Белтрансгаз” дасылаў у Маскву фактуры, у якіх была ўказаная ніжэйшая цана на газ для Беларусі. Калі б кампанія праплаціла транзыт паводле гэтых дакумэнтаў, то прызнала б тым самым заяўленую Менскам цану.

Затым беларускі бок паспрабаваў увязаць транзытную стаўку з цаной на газ і запатрабаваў ад Расеі павялічыць выплаты за транзыт адпаведна росту цэнаў паліва для Беларусі.

Абедзьве спробы, аднак, былі асуджаныя на правал, бо паводле кантракту гэтыя прыдумкі абараніць было немагчыма.

Чым жа ўзялі?


Кантракт прадугледжвае адзіную магчымасьць падвышэньня транзытнай стаўкі – пры павелічэньні гуртавой нацэнкі на ўнутрыбеларускім рынку. Гэтую папраўку сёньня і ўнесьлі ў кантракт. Што гэта азначае на "чалавечай мове"?
Падвышэньне транзытнай стаўкі не папоўніць беларускі бюджэт


Сыстэма разьмеркаваньня паліва ў Беларусі працуе наступным чынам. “Белтрансгаз” закупляе газ у “Газпрому” і прадае яго зь мінімальнай нацэнкай дзяржаўнаму прадпрыемству “Белтопгаз”. А той ужо прадае яго канчатковым спажыўцам.

У чым палягае дапаўненьне да кантракту?


Бакі дамовіліся на наступным. "Газпром" пагадзіўся прызнаць падвышэньне транзытнай стаўкі мінулай датай – ад пачатку году. Адпаведна зьяўляецца і запазычанасьць памерам 32 мільёны даляраў, пра якую гаварыў беларускі бок.

Але мінулай датай было ўведзена і падвышэньне гуртавых цэнаў на газ для беларускіх спажыўцоў. Тобок "Белтопгаз" (а значыць – беларускі бюджэт) таксама вымушаны прызнаць за сабой запазычанасьць перад "Газпромам" як акцыянэрам "Белтрансгазу" – прыблізна ў такім самым памеры. Розьніцу ўрад павінен цяпер унесьці ў "касу" "Белтрансгазу".
Бакі проста пераклалі грошы з адной кішэні ў другую


Уся камбінацыя з дапаўненьнем да кантракту азначае, такім чынам, проста перакладаньне грошай з адной кішэні ў другую – як для “Газпрому”, так і для беларускага бюджэту.

Навошта тады наАгул было "муціць"?


Але ж дамова гэтая выглядае бессэнсоўнай толькі на паперы. На практыцы – пэўныя выгады набывае афіцыйны Менск.

Лукашэнка атрымаў каля $50 мільёнаў беспрацэнтнага крэдыту
Бо Беларусі грошы за транзыт пачнуць паступаць адразу. “Газпром” жа атрымае свае дывідэнды толькі тады, калі гэта вырашыць мэнэджмэнт “Белтрансгазу”, які дагэтуль знаходзіцца пад кантролем беларускага ўраду. Лішне казаць, што сьпяшацца з выплатамі ён ня будзе.

Болей за тое, уваход у гульню яшчэ аднаго суб'екта дае Менску новую прастору для манэўру. Вельмі верагодна тое, што ў “Белтопгазу” зараз зьявяцца "нечаканыя абставіны", у сувязі зь якімі яго выплаты “Белтрансгазу” пачнуць хранічна спазьняцца.
Аляксандар Лукашэнка здолеў такім чынам выбіць сабе такі беспрацэнтны крэдыт. Рана ці позна плаціць, вядома, прыйдзецца, але да выбараў будзе падмога зь якой паўсотні мільёнаў даляраў.

Перадвыбарчы піяр


Але, бадай, ня меншае значэньне мае момант піяру. І справа ня толькі ў магчымасьці абвясьціць хаця б нейкую перамогу ў "газавай вайне" .

Рэч у тым, што Менск будзе вымушаны найбліжэйшым часам істотна падняць камунальныя плацяжы.
Пасьля выбараў падскочаць камунальныя плацяжы
Прычым нашмат вышэй за рост цэнаў на расейскі газ. Гэта зьяўляецца адной з галоўных умоваў Міжнароднага валютнага фонду для выдзяленьня наступнага крэдыту, і ў сваім апошнім лісьце дырэктару МВФ Сідорскі з Пракаповічам паабяцалі зрабіць гэта цягам году.

Адказнасьць за павелічэньне цэнаў, а галоўнае – выбіваньне іх зь беларускіх суб'ектаў – перакладаецца такім чынам часткова на плечы “зламыснага" “Газпрому”.

Вяртаючыся да першапачатковага пытаньня – хто каго "нагрэў" у выніку газавай вайны? Як кажа адзін мой знаёмы, бяз ста грам тут не разьбярэсься...

А ЯК МЯРКУЕЦЕ ВЫ?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG