Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фармат удзелу Беларусі ў Мытным саюзе "тройкі" вырашыцца, праўдападобна, 5 ліпеня ў Астане. Тут пройдзе сустрэча кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюзу Беларусі, Казахстану і Расеі. Афіцыйны Менск па-ранейшаму зьвязвае свой паўнавартасны ўдзел у гэтай структуры з адмовай Масквы ад мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

На сёньняшні дзень фармальна Беларусь — ужо сябра Мытнага саюзу "тройкі". Адпаведныя дакумэнты Аляксандар Лукашэнка падпісаў яшчэ ў сьнежні мінулага году ў Менску, калі сюды прыяжджалі Дзьмітрый Мядзьведзеў і Нурсултан Назарбаеў. Аднак у адрозьненьне ад сваіх калег ён дагэтуль не падпісаў Мытны кодэкс. А бяз гэтага дакумэнту Мытны саюз ня можа стаць паўнавартаснасным.

Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін прагназуе, што ў Астане Аляксандар Лукашэнка падпіша дакумэнты Мытнага кодэксу:

"Я думаю, Беларусь усё-ткі далучыцца, таму што магчымасьці для далейшых перамоў ужо практычна вычарпаныя. А аказацца па-за межамі Мытнага саюзу, то бок пайсьці на тое, што ўзьнікне мытная мяжа паміж Расеяй і Беларусьсю, — Лукашэнка гэтага ня зробіць. Я думаю, на сустрэчы прэзыдэнтаў ён яшчэ паспрабуе нешта для сябе "адыграць", але і спадзяюся, і думаю, што ён будзе паўнавартасна ўдзельнічаць у Мытным саюзе і падпіша ратыфікаваны дакумэнт".

Віктар Алампіеў, намесьнік старшыні камісіі па эканамічнай рэформе ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, лічыць: пабудаваць паўнавартасны Мытны саюз "тройкі" наагул немагчыма:

"На маю думку, ня можа атрымацца раўнапраўны саюз у краін, якія маюць розныя памеры і структуры эканомікі. Эканомікі Расеі і Казахстану зарыентаваныя на продаж прыродных рэсурсаў. Беларусь яшчэ з часоў СССР была і застаецца зборачным цэхам. І сёньня мы працэнтаў 70 вытворчасьці рэалізуем на зьнешніх рынках. Таму і інтарэсы гэтых краін — розныя. Нам трэба таньней закупіць рэсурсы і камплектуючыя, а Расеі даражэй прадаць нафту і газ. Інтарэсы несумяшчальныя. І таму з гэтага Мытнага саюзу можа атрымацца тое, што атрымліваецца, калі злучыць вожыка і вужа — маток калючага дроту".

Пра гэта ж піша і беларускі палітоляг Віталь Сіліцкі ў артыкуле "Мытная пастка":

"У рамках двухбаковых адносінаў Беларусі неяк можна было адпірацца, але ўжо калі тры бакі— там ствараецца большасьць. Вядома ж, Расеі з Казахстанам, у якіх практычна аднатыпныя эканомікі і падобныя інтарэсы ў пляне мытнага рэжыму.То бок мэтай "хаўрусу трох" было выключна падпарадкаваньне і здушэньне беларускай эканомікі расейскім бокам, а сам саюз і плянаваўся, і ажыцьцяўляецца як інструмэнт эканамічнага і палітычнага шантажу Беларусі".

Уладзімер Жарыхін называе выказваньні пра тое, што Расея хоча канчаткова падпарадкаваць сабе Беларусь з дапамогай Казахстану, неадпаведнымі рэчаіснасьці:

"Казахстан вёў ня менш жорсткія перамовы з Расеяй падчас падрыхтоўкі дакумэнтаў Мытнага саюзу. Аднак Казахстан не палітызаваў гэтае пытаньне і не выносіў яго ў палітычную плоскасьць дачыненьняў. А тым больш — у асабовую, чым увесь час грашыць Аляксандар Рыгоравіч. Там былі дастаткова складаныя перамовы.Але тым ня менш Масква і Астана знайшлі кампраміс".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG