Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінпрыроды заяўляе, што праект АЭС падабаецца ўсім


Беларусь скончыла кансультацыі па падрыхтаванай беларускім бокам справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будучай атамнай электрастанцыі.

"Экспэрты розных краінаў, якія ўдзельнічалі ў кансультацыях, задаволеныя ўзроўнем прадстаўленай Беларусьсю інфармацыі", -- паведамілі Інтэрфаксу ў міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі. У Міністэрстве сьцьвярджаюць, што "вострых пытаньняў падчас гэтых кансультацыяў не ўзьнікала". У міністэрстве паведамілі, што Беларусь праводзіла кансультацыі па бясьпецы АЭС з Латвіяй, Украінай, Аўстрыяй і Польшчай.

Варта, аднак, нагадаць, што ўдзельнікі грамадзкай экалягічнай экспэртызы праекту будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі яшчэ ў сакавіку прадставілі свае ацэнкі праекту пабудовы АЭС, галоўная з якіх гучыць наступным чынам -- “камісія прыйшла да высновы аб непрымальнасьці праекту па эканамічных, тэхнічных, экалягічных, юрыдычных ды іншых прычынах. Абгрунтаваньне інвэстыцыяў праведзена не аб’ектыўна, матэрыялы Справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе беларускай АЭС не ўтрымліваюць сапраўды незалежнай ацэнкі ўзьдзеяньня, а, фактычна, зьяўляюцца некрытычным узнаўленьнем рэклямных матэрыялаў расейскай атамнай прамысловасьці”.

А ў Літве дзясяткі тысячаў чалавек паставілі свае подпісы пад пэтыцыяй супраць пабудовы АЭС у Астравецкім раёне, за некалькі дзесяткаў кілямэтраў ад Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG