Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кліентаў у інтэрнэт-кавярнях становіцца значна меней


Абвестка ў пункце карыстаньня інтэрнэтам на менскім Галоўпаштамце.

Абвестка ў пункце карыстаньня інтэрнэтам на менскім Галоўпаштамце.

Фактычна ва ўсіх менскіх пунктах грамадзкага доступу да сеціва зьявіліся аб’явы, якія папярэджваюць наведнікаў, што выйсьці ў інтэрнэт можна толькі пры наяўнасьці з сабой пашпарту ці іншага дакумэнту, які сьведчыць асобу.

Супрацоўнікі інтэрнэт-кавярняў выбачаюцца перад наведвальнікамі, а таксама сутыкаюцца зь цяжкасьцямі перакладу. Шмат каму з іншаземцаў, якія заходзяць праверыць пошту ці пачытаць навіны, даводзіцца падрабязна тлумачыць, на якой падставе ў іх просяць паказаць дакумэнты. Неадкладна на ангельскую мову перакладаюцца абвесткі, якія папярэджваюць пра ўступленьне ў сілу прэзыдэнцкага ўказу № 60.

У двух прыватных інтэрнэт-кавярнях мяне нават папрасілі дапамагчы зь перакладам. Адмаўляцца не выпадала.

Валянцін, дырэктар адной з інтэрнэт-кавярняў у цэнтры Менску, кажа, што ўжо адчуў адток наведвальнікаў:

«Для многіх наведвальнікаў тая аб’ява, якую яны ўбачылі сёньня, была навінкай. Таму многія, якія ня маюць з сабой дакумэнтаў, проста разварочваюцца і сыходзяць. Кліентаў становіцца меней дзесьці на дзьве траціны».

Валянцін лічыць, што фіксаваньне асабістых дадзеных наведвальнікаў інтэрнэт-кавярняў ня здолее моцна дапамагчы праваахоўным органам лавіць зламысьнікаў, якія ўчыняюць супрацьпраўныя дзеяньні ў інтэрнэце.

«За ўвесь час маёй тут працы, а гэта ўжо 6 гадоў, толькі 3 разы зьвярталася міліцыя па інфармацыю наконт якога-небудзь чалавека, які ў нас тут сядзеў у інтэрнэт-кавярні. То бок кібэр-злачынцы інтэрнэт-кавярнямі не карыстаюцца, яны, хакеры, гэта робяць так, што іх не асабліва зловіш».
кібэр-злачынцы інтэрнэт-кавярнямі не карыстаюцца, яны, хакеры, гэта робяць так, што іх не асабліва зловіш.


Аднак не ва ўсіх пунктах грамадзкага карыстаньня інтэрнэтам патрабуюць дакумэнты. У кампутарным клюбе «Зорны» на менскім чыгуначным вакзале, паводле словаў супрацоўнікаў, можна карыстацца сецівам без пацьверджаньня асобы. Маўляў, ёсьць відэакамэры, якія фіксуюць аблічча ўсіх наведнікаў, ды і на працягу году захоўваецца інфармацыя пра ўсе інтэрнэт-старонкі, на якія заходзілі з кампутарнага клюбу.

А вось у аддзяленьні «Белпошты», што месьціцца на тым жа вакзале, выйсьці ў інтэрнэт можна толькі засьведчыўшы сваю асобу. Тое самае — і на Галоўпаштамце. Супрацоўнікі перапісваюць нумар дакумэнта, яго тып, імя ды прозьвішча ўладальніка. Людзі часам абураюцца, але да вялікіх скандалаў справа не даходзіць.

Валянціна, супрацоўніца пункту грамадзкага карыстаньня інтэрнэтам на Галоўпаштамце:

«Студэнты паказваюць пасьведчаньні, іншыя — пашпарт. Некаторыя адразу паказваюць, а хто без дакумэнтаў — тыя абураюцца крыху і сыходзяць. Проста з сабой ня носяць».

А вось што думае наконт указу № 60 студэнт з Паўднёвай Карэі Кім Чын Юн, які прыйшоў у інтэрнэт-кавярню на плошчы Незалежнасьці ў Менску:
Калі б я гэта ведаў раней, то ня стаў бы карыстацца тут інтэрнэтам на кампутары.


«Я не магу зразумець, навошта мы мусім паказваць пашпарт проста дзеля таго, каб скарыстацца інтэрнэтам. У Карэі вы вельмі проста можаце выйсьці ў інтэрнэт, кожны мае гэтую магчымасьць. Але ў мяне тут папрасілі пашпарт, я ня ўпэўнены навошта, сказалі, што тут такі закон, нічога не паробіш. Аднак гэта ў любым выпадку цяжка зразумець».

Калі Кім Чын Юн пачуў, што ў інтэрнэт-кавярні захавалася інфармацыя наконт усіх старонак, якія ён наведаў, то зьдзівіўся яшчэ больш:

«Калі б я гэта ведаў раней, то ня стаў бы карыстацца тут інтэрнэтам на кампутары. Я б скарыстаўся вайфаем праз лэптоп, гэта больш бясьпечна».

XS
SM
MD
LG