Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замест суду Сяргей Каваленка трапіў у шпіталь


Сяргей Каваленка
Сяргей Каваленка
Актывіст атрымаў позву ў суд, дзе сёньня мусілі разьбіраць справу пра факт яго апошняга затрыманьня. Але ён знаходзіцца ў шпіталі, куды з падвышаным ціскам яго даставіла «Хуткая дапамога».

Сяргей Каваленка распавёў, што ў другі гарадзкі клінічны шпіталь да яго прыходзілі судовыя выканаўцы, каб праверыць, ці сапраўды ён хварэе. Актывіст не выключае, што вынікам сёньняшняга судовага разгляду мог бы стаць арышт — каб «ізаляваць» яго пад варту на час сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 3 ліпеня. Бо падобныя сытуацыі ўжо здараліся: якраз сёньня суд мусіў разьбіраць міліцэйскі пратакол, складзены на актывіста напярэдадні сьвяткаваньняў Дня гораду 25-26 ліпеня. Сяргея Каваленку затрымалі на вуліцы, ён меў пры сабе бел-чырвона-белы сьцяг, а ў Першамайскім РАУС на яго склалі пратакол за дробнае хуліганства.

Актывіст кажа, што міліцыя хвалюецца, каб ён не вывешваў сьцягі падчас масавых імпрэзаў. Якраз сёньня да яго ў шпіталь прыходзілі супрацоўнікі Першамайскага РАУС, якія паведамілі, што ён ужо знаходзіцца пад наглядам, бо ўступае ў законную сілу прысуд па крымінальным пакараньні за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга на галоўнай гарадзкой ёлцы 7 студзеня. За гэта апазыцыянэру прысудзілі тры гады абмежаваньня волі «умоўна» — без утрыманьня ў карнай установе. Асуджаны можа жыць дома, але абавязаны працаваць 8 гадзін на дзень, вяртацца дахаты не пазьней за вызначаны час і не парушаць правапарадак.

Таксама Сяргей Каваленка распавёў, што сёньня яго аглядаў псыхіятар. Актывіст мае падазрэньне, што лекара-адмыслоўца выклікалі паводле ініцыятывы міліцыянтаў, якія хочуць, каб яго хутчэй выпусьцілі са шпіталю і асудзілі ў чарговы раз да «сутак» у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG