Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё ідзе да таго, што Эўранэст пачнецца без прадстаўнікоў Беларусі”


Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

Эўрапарлямэнт і краіны-партнэры праграмы Эўразьвязу «Усходняе партнэрства» абмяркоўваюць магчымасьць правядзеньня ўстаноўчай канфэрэнцыі парлямэнцкай асамблеі гэтай праграмы («Эўранэст») без удзельнікаў зь Беларусі. Ці магчыма такая сытуацыя, што Эўранэст пачнецца без прадстаўнікоў ад Беларусі? Ці паўплывае гэта на намер афіцыйнага Менску удзельнічаць у праграмах «Усходняга партнэрства»? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.


Цыганкоў: Як паведамляе БелаПАН, ня выключана, што Эўрапарлямэнт у пісьмовым выглядзе накіруе ў Мінск прапанову аб фармаваньні беларускай дэлегацыі па прынцыпе 5+5 — пароўну прадстаўнікоў уладаў і апазыцыі. Аднак вядома, што беларускія ўлады катэгарычна не пагаджаюцца з такой прапановай. Ці сапраўды можа стварыцца такая патавая сытуацыя, калі прыйдзецца пачынаць «Эўранэст» увогуле без прадстаўнікоў Беларусі?

Лагвінец: Я думаю, усё ідзе менавіта да гэтага. Эўрапарлямэнт хоча разьвіваць міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва з краінамі-ўдзельніцамі «Усходняга партнэрства». Але ёсьць перашкода — «беларускае пытаньне». І паводле той інфармацыі, што існуе на сёньня, найхутчэй будзе прынятае рашэньне распачаць «Эўранэст» без прадстаўнікоў Беларусі.

Тое запрашэньне, якое будзе накіраванае ў Беларусь, відавочна будзе фармальным. Бо беларускія ўлады наўрад ці пагодзяцца на формулу «5 плюс 5».

Цыганкоў: Ці здолее гэтая акалічнасьць паўплываць на ўдзел Беларусі ў іншых праграмах «Усходняга партнэрства»? Ці аслабіцца з-за гэтага інтарэс афіцыйнага Менску да гэтай праграмы?
«Усходняе партнэрства» ідзе ў пакеце. Тут нельга, як у рэстарацыі, выбіраць з мэню асобныя стравы — гэта комплекс.


Лагвінец: Апошнім часам гэты інтарэс не такі высокі — гэта гучала на самым высокім узроўні. Думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі, калі ў Беларусі ня самыя лепшыя стасункі з Расеяй, — Лукашэнка ня будзе сябе выключаць з удзелу ва «Ўсходнім партнэрстве». Цяпер заплянаваны форум грамадзянскай супольнасьці — і беларускія прадстаўнікі будуць у ім актыўна ўдзельнічаць. Сустрэча на міністэрскім узроўні таксама будуць адбывацца, і ня думаю, што беларускія ўлады будуць іх цурацца.

Цыганкоў: Стратэгія Менску тут зразумелая — пабольш эканомікі, паменш палітыкі і «грамадзянскай супольнасьці». Як гэта можа спалучацца з тымі правіламі, што ёсьць ва «Ўсходнім партнэрстве»?

Лагвінец: Ва «Ўсходнім партнэрстве» ёсьць усё — крышку палітыкі, крышку эканомікі, грамадзянскай супольнасьці. Гэта сярэднетэрміновы і нават доўгатэрміновы праект. Беларускія ўлады ўжо зразумелі, што імгненных вынікаў ад удзелу ня будзе. Таму яны будуць гуляцца і імкнуцца выбіраць для сябе найбольш прымальныя і выгадныя сфэры супрацоўніцтва.

Але «Ўсходняе партнэрства» ідзе ў пакеце. Тут нельга, як у рэстарацыі, выбіраць з мэню асобныя стравы — гэта комплекс. І я думаю, з часам гэты комплексны падыход дасьць адчувальныя вынікі для Беларусі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG