Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Літве пахавалі першага прэзыдэнта

  • Тацяна Поклад

Сёньня ў Вільні пахавалі Альгірдаса Мікаласа Бразаўскаса, першага прэзыдэнта пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, абранага дэмакратычным шляхам. У Літве такая цырымонія праводзіцца упершыню. Першае пахаваньне прэзыдэнта у краіне было азмрочанае непаразуменьнем з каталіцкім кіраўніцтвам.

Сёньня ў Вільні пахавалі Альгірдаса Мікаласа Бразаўскаса, першага прэзыдэнта пасьля аднаўленьня незалежнасьці Літвы, абранага дэмакратычным шляхам. У Літве такая цырымонія праводзіцца упершыню. Першае пахаваньне прэзыдэнта у краіне было азмрочанае непаразуменьнем з каталіцкім кіраўніцтвам.

Кіраўніцтва каталіцкай царквы Літвы не дазволіла ўнесьці труну зь целам Альгірдаса Бразаўскаса ў Віленскую архікатэдру, дзе сёньня была імша па памерлым прэзыдэнце.

Менавіта Альгірдас Бразаўскас перадаў архікатэдру вернікам, калі быў першым прэзыдэнтам Літвы. Царкоўнае кіраўніцтва афіцыйна не камэнтавала сваё рашэньне, а неафіцыйныя крыніцы, якія цытуе літоўская прэса, тлумачаць гэта тым, што А.Бразаўскас ня ўзяў царкоўны шлюб са сваёй другой жонкай Крысьцінай.

Жонка і дачка памерлага з сям'ёй не прысутнічалі на імшы у архікатэдры, а паехалі на імшу у Кайшадорыс, мястэчка, дзе прайшло дзяцінства Бразаўскаса. Даля Грыбаўскайце, прэзыдэнт Літвы, таксама не прысутнічала на імшы, заявіўшы, што ўжо памалілася за памерлага і ня хоча браць удзел у палітычных гульнях у часе пахаваньня.

На імшы у архікатэдры былі замежныя госьці, былы прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, кіраўнік ураду Літвы Андрус Кубілюс.

Літоўскі прэм'ер сказаў, што не думае, што варта у дзень пахаваньня ацэньваць рашэньне Касьцёла не дазволіць унесьці труну Альгірдаса Бразаўскаса у архікатэдру:

«Царква кіруецца сваімі канонамі, апрача таго — царква не з'яўляецца абавязковым месцам для дзяржаўных цырымоніяў».

Экс-прэзыдэнт Валдас Адамкус, пры якім Альгірдас Бразаўскас быў прэм'ерам, бачыўся зь ім рэгулярна у часе хваробы. Валдас Адамкус расказаў пра гэтыя сустрэчы у вялікім інтэрвію для Радыё навінаў:

«Напэўна, нікога не зьдзіўлю, калі скажу, што пра яго хваробу мы зусім ніколі не размаўлялі. Мы абмяркоўвалі палітычныя справы, жыцьцё ў краіне. Ён клапаціўся пра людзей, пра Літву, ён быў рэалістам, бачыў рэалістычна, што адбываецца у Літве. Калі гляджу на той час, калі ён працаваў прэм'ерам, то магу сказаць, што гэта была праца вельмі прадуктыўная, адданая, а галоўная, скіраваная на дабрабыт для людзей. Кажу так не таму, што прынята пра памерлых казаць альбо добра, альбо ніяк, а кажу так, як сапраўды было ў часе працы зь ім. Скажу па-просту: ён быў па-сапраўднаму вельмі добры літоўскі гаспадар».

Разьвітацца з Альгірдасам Бразаўскасам прыехалі у Вільні былыя і цяперашнія кіраўнікі Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі – Валдзіс Затлерс, Гунтыс Ульманіс, Томас Хэндрык Ільвэс, Андрэс Руйтэль, Лех Валэнса, Аляксандр Квасьнеўскі, Марці Ахцісаары, а таксама прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі. Ад Беларусі на пахваньні быў віцэ-прэм'ер Віктар Бура.

У паховінах узялі удзел прадстаўнікі і ЗША, эўрапейскіх краін, дыпляматы.

Пасьля разьвітаньня з Альгірдасам Бразаўскасам труну на адмысловым лафеце пад гукі званоў вывезьлі з калоннай залі Прэзыдэнтуры. Бразаўскаса пахавалі на Антокальскіх могілках пад аружэйныя залпы, малітвы біскупаў з Кайшадорыса, дзе прайшло яго дзяцінства, і сьлёзы на вачах блізкіх і родных. Жыхары Літвы таксама праводзілі Альгірдаса Бразаўскаса са сьлязьмі.

Альгірдас Бразаўскас выконваў абавязкі прэзыдэнта Літвы двойчы: цягам трох месяцаў ад кастрычніка 1992 г., калі быў старшынём Сойма, а пасьля, цягам пяці гадоў, ад 14 лютага 1993 г., калі быў абраны дэмакратычным шляхам пры падтрымцы 60% галасоў выбаршчыкаў. Бразаўскас займаў тройчы вышэйшыя кіраўнічыя пасады у незалежнай Літве, і таксама тройчы быў на вышэйшых кіраўнічых пасадах у савецкай Літве, ён быў і першым сакратаром ЦК кампартыі Літвы. У незалежнай Літве Бразаўскас быў адным з лідэраў сацыял-дэмакратаў.

Ад 1998 г. Альгірдас Бразаўскас ад 2008 году змагаўся з цяжкай хваробай -- лімфагрануламатозам. Год таму экс-прэзыдэнту дыягназавалі і рак, але, паводле мэдыкаў, гэтую хваробу яму удалося перамагчы.
XS
SM
MD
LG