Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч дамогся пратэзаваньня зубоў у прыватнай клініцы


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Апошнімі днямі адбыліся пазытыўныя зрухі да лепшага ў пытаньні лячэньня палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, які знаходзіцца на «Валадарцы».

Аўтуховічу патрэбнае пратэзаваньне зубоў.

Мікалая Аўтуховіча ў сьледчым ізалятары Менску наведалі дактары-стаматолягі, паведаміў «Свабодзе» адвакат вязьня Павал Сапелка. Паводле адваката Сапелкі, дактары агледзелі зубы Аўтуховіча і пацьвердзілі, што яму патрэбна тэрміновае пратэзаваньне:

«Вынікам гэтай кансультацыі стала тое, што ў мяне запыталі адрас клінікі, дзе могуць зрабіць пратэзаваньне Аўтуховічу. Сёньня я наведаў гэтую клініку і атрымаў там згоду дактароў на апэрацыю. Спадзяюся, у адміністрацыі сьледчага ізалятара пагодзяцца з прапановай менавіта гэтай клінікі і дазволяць, як і абяцалі, правесьці лячэньне».

Назву клінікі адвакат Сапелка не сказаў. Вядома, што гэта прыватная клініка, пратэзаваньне там будзе каштаваць немалых грошай, якія ўжо пачалі зьбіраць прадстаўнікі грамадзкасьці. Праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што затрымкі з грашыма ня будзе.

«Фінансавы бок пытаньня, мяркую, вырашым, грошы зьбяром хутка. Галоўнае, каб быў добры адмысловец для пратэзаваньня, а гэта ўсё справа тэхнічная».

Прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча ўтрымліваюць у менскім сьледчым ізалятары зь лютага 2009 году. За гэты час Аўтуховіч страціў некалькі зубоў, але, паводле яго, лячэньня фактычна не атрымаў. Адміністрацыя ізалятара кажа, што на «Валадарцы» няма ўмоваў для пратэзаваньня зубоў, а былыя вязьні сьледчай турмы згадваюць, што там увогуле зубы ня лечаць, а толькі выдаляюць. У траўні Мікалай Аўтуховіч напісаў ліст наконт лячэньня зубоў да намесьніка начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, але, паводле зьвестак Аўтуховіча, гэты ліст нават ня выйшаў з ізалятара. Тады 16 чэрвеня Мікалай Аўтуховіч абвясьціў галадоўку і папярэдзіў, што праз 5 дзён, калі яму не арганізуюць сустрэчу з прадстаўніком Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, пачне сухую галадоўку. Пра галадоўку Аўтуховіча стала шырока вядома. Генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч мусіў накіраваць на сустрэчу з Аўтуховічам супрацоўніка пракуратуры.

На мінулым тыдні Мікалая Аўтуховіча наведаў супрацоўнік мэдычнай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Аляксандар Красько і абмеркаваў зь ім, як правесьці кансультацыю і лячэньне. У адказ на гэтыя захады Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку.

Павал Сапелка: «Як бачым, пакуль адміністрацыя ізалятара сваё слова трымае: кансультацыі з стаматолягамі прайшлі, набліжаемся да лячэньня».


Мікалай Аўтуховіч быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы тэракту супроць былога старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанкі ды іншых кіраўнікоў. Справа слухалася ў Вярхоўным судзе Беларусі. 6 траўня паводле абвінавачаньняў у падрыхтоўцы тэракту ды іншых цяжкіх злачынствах Мікалай Аўтуховіч быў апраўданы, але асуджаны за некалькі незарэгістраваных патронаў да паляўнічай стрэльбы. Шмат хто ў Беларусі і ў сьвеце мяркуе, што Аўтуховіча перасьледуюць з палітычных прычын. У прыватнасьці — што яму помсьцяць за змаганьне з карупцыяй сярод высокапастаўленых чыноўнікаў.


XS
SM
MD
LG