Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Шарапава ахвяруе на чарнобыльскіх дзяцей


Расейская тэнісістка Марыя Шарапава, якая наведвала сёньня ў Гомелі сваю бабулю, абвясьціла на прэсавай канфэрэнцыі пра новы рэабілітацыйны праект у чарнобыльскай зоне. Зорка сусьветнага тэнісу ахвяруе на гэты праект 250 тысяч даляраў. Ажыцьцяўляцца ён будзе ў 2011-12 гадах на тэрыторыі трох суседніх дзяржаў — Беларусі, Расеі і Ўкраіны.

Зараз Марыя Шарапава як пасол добрай волі Праграмы разьвіцьця ААН фінансава падтрымлівае ў Беларусі мэдычныя й адукацыйныя дабрачынныя праекты, разьлічаныя на дапамогу дзецям чарнобыльскіх раёнаў.

Празь Белдзяржунівэрсытэт й Акадэмію мастацтваў Марыя ахвяравала 210 тысяч даляраў на іменныя стыпэндыі 12 таленавітым студэнтам — выхадцам з заражаных радыяцыяй беларускіх паселішчаў.

У Брагінскім раёне Фонд Марыі Шарапавай прафінансаваў набыцьцё музычных інструмэнтаў і абсталяваньня для чатырох музычных школаў.

У Чачэрску ў цэнтры дзіцячай творчасьці на сродкі тэнісісткі адкрыты экалягічны гурток са свойскімі жывёлінамі, а ў раённым шпіталі — абсталяваны пакой псыхалягічнай рэабілітацыі пад назваю «Казка».

30 чэрвеня, прыляцеўшы ў Беларусь з Уімблдонскага турніру, тэнісная зорка якраз і наведала Чачэрск.

Чаму Марыя аддае зараз перавагу ў сваёй дабрачыннай дзейнасьці не спартовым, а найперш мэдычным і адукацыйным праектам?

Шарапава: «Мы хацелі пачаць менавіта з гэтага. Вядома, для мяне спорт — гэта маё жыцьцё, гэта тое, што я раблю. Але ў жыцьці ёсьць больш галоўныя рэчы, і мы вырашылі, што пачнем са згаданых праектаў. З гэтымі грашыма, якія мы зараз уклалі, мы хочам знайсьці месца, дзе будзем адкрываць спартовыя залі для дзяцей. Спорт — гэта наступны этап».

Марыя Шарапава ў Цэнтральным парку Гомелю.


Калі мама была ў 1986-м цяжарная, бацькі адсюль адляцелі з-за Чарнобылю. Калі б ня ён, я тут бы нарадзілася.
Марыя патлумачыла, што Беларусь, і Гомель у прыватнасьці, — гэта таксама яе радзіма. Дзесяць гадоў таму яна была ў Гомелі, памятае тутэйшыя вуліцы й паркі. Таму й рада дапамагчы:

«Я вельмі ўдзячная за магчымасьць дапамагчы Беларусі. Я тут не нарадзілася, я нарадзілася ў Сыбіры. Але я ведаю, калі мама была ў 1986-м цяжарная, бацькі адсюль адляцелі з-за Чарнобылю. Калі б ня ён, я тут бы нарадзілася. Я апошні раз была ў Гомелі дзесяць гадоў таму. Для мяне вярнуцца на гэтую радзіму — гэта цудоўна. І я вельмі ўдзячная гэтаму шанцу».

Пра новы буйны праект Марыі Шарапавай у справе падтрымкі пацярпелых ад Чарнобылю раёнаў апавёў на прэсавай канфэрэнцыі й прадстаўнік Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі Антоніюс Брук:

Антоніюс Брук і Марыя Шарапава на прэсавай канфэрэнцыі.
«Хачу абвясьціць пра новы праект. Фонд Марыі Шарапавай пагадзіўся ахвяраваць яшчэ 250 тысяч даляраў на рэалізацыю новай ініцыятывы, якая будзе ажыцьцяўляцца ва Ўкраіне, Расейскай Фэдэрацыі й Беларусі. Падрабязнасьці агучым пазьней. Скажу толькі, што праект будзе ажыцьцяўляцца ў 2011-12 гадах. Будучы год — гэта 25-годзьдзе чарнобыльскай катастрофы. Таму вялікі дзякуй Марыі! Дзякуй за прыезд! Я жадаю ёй посьпехаў у жыцьці й у тэніснай кар’еры».

У Гомелі Марыя Шарапава адведала сваю бабулю, якая нядаўна перанесла апэрацыю, а таксама правяла на кортах майстар-кляс для маладых гомельскіх тэнісістаў.
XS
SM
MD
LG