Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы пра Мытны саюз з Расеяй і Казахстанам


Апытаньне «Свабоды»: «Ці трэба Беларусі быць у Мытным саюзе з Расеяй і Казахстанам?» Адказвалі жыхары Магілёва.


Малады спадар: «Не, гэта не падыходзіць нам. Для нашага жыцьця трэба выбівацца ў эўрапейскія краіны. Эўропа больш дружная, сучасная, чым Расея і Казахстан пагатоў. Нам чаго рабіць у Расеі?»

Спадар: «Калі Расея, Беларусь і Казахстан разам будуць, то, магчыма, нешта добрае ў нас будзе. У Беларусі запасы прыродныя дужа малыя, таму без Расеі цягацца зь іншымі краінамі — будзе слабаватай».

Спадарыня: «Калі б мы там удзельнічалі раўнапраўна, то гэта было б нядрэнна, а калі мы будзем зноў хлопчыкамі для біцьця, то ў гэтым няма нічога добрага. Яны дзяржавы вялікія, Казахстан жа дзяржава вялікая, а мы — дробная няшчасная Беларусь. Дзякаваць богу, што ядзім не апошнюю лусту хлеба».

Юнак: «Цяжка сказаць, можа, і добра будзе. Цэны меншыя стануць, зьявяцца нейкія ільготы, рынак пашырыцца, а так — цэны высокія, рынку няма, канкурэнцыя… Можа, і лепш, што ўвойдзем, але на правах, выгадных для Беларусі».

Спадар: «Думаю, што трэба. Дагэтуль семдзесят год разам былі, трэба й далей быць».

Малады спадар: «Адназначна не. Для Беларусі — гэта дадатковыя праблемы. Нейкія ілюзорныя выгады для дзяржавы — яны на мне ніяк не адбіваюцца. Калі дзяржаве трэба ад мяне нечага, у войску паслужыць, то яна да мяне зьвяртаецца, але пра мае інтарэсы ні прэзыдэнт, ні дзяржава не пытаюцца ў прынцыпе».

Спадар: «Я мяркую, што так. У нас усталяваныя ўсе сувязі. З Савецкага Саюзу ўсё пачалося. Усё ж мы нейкія брацкія народы. Эўропа ж — больш капіталістычная. Як бы яны ні паказвалі, што яны ўсё добра прапануюць, але ж яны робяць усё дзеля сябе».

Спадар: «З Расеяй — так, але Расея з Казахстанам, дык тут тады пытаньне спрэчнае. З Эўропай трэба супрацоўнічаць, каб збоку нейкую падтрымку мець».

Спадар: «Варта было б паспрабаваць. Брацкія ж краіны, як кажуць. Толькі на выгадных для Беларусі ўмовах».

Спадар: «Думаю, што так. Расея ж нам родная дзяржава. Ня трэба ад яе аддаляцца. Ну, і з Эўропай таксама трэба. Не з аднымі ж імі трэба саюз. З усімі трэба спрабаваць неяк».

Спадар: «Тут трэба дужа добра думаць. Унікаць ува ўсю гэтую сыстэму. Ну, калі б гэта паўплывала на нашае жыцьцё, то добра, а калі не, то…»
XS
SM
MD
LG