Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісткі зачасьцілі ў КДБ, пракуратуру, міліцыю…


Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Незалежных журналістак Натальлю Радзіну і Марыну Коктыш сёньня дапыталі — адну ў пракуратуры, другую ў КДБ. Сьледчыя цікавіліся іх прафэсійнай дзейнасьцю. Нягледзячы на тое, што журналістак дапытвалі ў розных справах, яны перакананыя, што допыты — сьведчаньне ціску на прадстаўнікоў незалежных СМІ напярэдадні прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

Натальлю Радзіну выклікалі ў сьледчы аддзел Менскай гарадзкой пракуратуры. Дапытвалі журналістку намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу Віктар Фешчанка і намесьнік кіраўніка ўпраўленьня па раскрыцьці злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгій МУС Алег Пармон.

Яны паведамілі Натальлі Радзінай, што імі распачата крымінальная справа супраць нявызначаных асобаў за распаўсюджваньне заведама ілжывых зьвестак у сетцы Інтэрнэт.

Падставай для крымінальнай справы сталі чытацкія камэнтары да артыкула на сайце «Хартыя’97» пад назвай «Цкаваньне ад 2007 году». Ішлося пра тое, што вэтэраны вайны ў Афганістане адмовіліся прыняць юбілейныя мэдалі з рук Аляксандра Лукашэнкі.

Сьледчыя цікавіліся, як адбываецца адміністраваньне сайту «Хартыі’97», дзе ён зарэгістраваны і дзе знаходзіцца рэдакцыя сайту.

Сайт “Хартыі 97” падчас допыту Н.Радзінай

Натальля Радзіна пасьля допыту паведаміла:

Я расцэньваю гэта як ціск на незалежных журналістаў у зьвязку з уступленьнем у сілу ад сёньняшняга дня ўказу Лукашэнкі. Тут няма іншага тлумачэньня.
«Я расцэньваю гэта як ціск на незалежных журналістаў у зьвязку з уступленьнем у сілу ад сёньняшняга дня ўказу Лукашэнкі. Тут няма іншага тлумачэньня. Канечне, гэта зьвязана з набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Чыніцца ціск на папулярны рэсурс і ў зьвязку з тым, што Андрэй Саньнікаў выказаў намер выставіць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта. Гэта маё перакананьне».

Сьледчыя паведамілі Натальлі, што яе яшчэ будуць выклікаць на допыты. У крымінальнай справе яна мае статус сьведкі.

У сакавіку на кватэры, якую арандуе Натальля, зрабілі ператрус і забралі кампутары для праверкі. Тады ж аналягічныя ператрусы правялі на кватэрах шэф-рэдактаркі «Народнай волі» Сьвятланы Калінкінай і журналісткі газэты Марыны Коктыш. Ператрусы тлумачылі сьледчымі дзеяньнямі ў крымінальнай справе, распачатай гомельскай абласной міліцыяй паводле паклёпу на старшыню гомельскага УКДБ Івана Каржа. Журналісткі давалі тлумачэньні ў міліцыі пра так званую «паляўнічую справу».

Але сёньня Натальлю Радзіну дапытвалі ў пракуратуры аб працы сайту «Хартыя’97», а Марыну Коктыш — у КДБ пра справу сьледчай Сьвятланы Байковай.

Марына Коктыш распавяла, што старшы сьледчы 1-га аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Павал Чарняўскі задаваў пытаньні, якія тычыліся не Байковай, а адносінаў самой спадарыні Коктыш з пэўнымі людзьмі.

Сьледчы запэўніў Марыну, што прэтэнзій да публікацый пра сьледчую Байкову ў «Народнай волі» ён ня мае.

«У мяне не спыталіся, ці ведала я Байкову, ці сустракалася, ці размаўляла зь ёй. Але сьледчы цікавіўся, дзе я вучылася, працую, пра што мы размаўляем з адвакатам Воўчакам. Цікавіўся, якія паміж намі адносіны і ці ведаю я нешта іншае пра справу Байковай апроч таго, што апублікавана ў газэце.

На шэраг пытаньняў я адмовілася адказваць, бо яны ня мелі дачыненьня да справы. Таксама я адмовілася падпісваць паперу аб неразгалошваньні матэрыялаў сьледзтва. Гэта ціск на журналістаў. Думаю, што гэта зьвязана з пачаткам прэзыдэнцкай кампаніі. Яны хочуць выбіць з каляіны тых журналістаў, якія будуць пісаць на палітычныя тэмы, пра гучныя справы».

Марына Коктыш, Натальля Радзіна, Сьвятлана Калінкіна і Ірына Халіп дагэтуль не атрымалі сваіх кампутараў. Ім вярнулі толькі кампакт-дыскі і флэш-карткі, патлумачыўшы, што кампутары застануцца ў міліцыі для правядзеньня дадатковых экспэртызаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG